Падрабязнасці першага дня судовых слуханняў па справе аб гібелі Аляксандра Коржыча

8 августа 2018

Слуханні па гучнай крымінальнай справе (па факце гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча) Мінскі абласны суд працягне заўтра. Суддзя прыняў рашэнне пачаць з допыту абвінавачаных. Затым пройдзе допыт пацярпелых і сведак. Сёння толькі на зачытванне абвінавачання спатрэбіліся 3 з паловай гадзіны. Былі пералічаныя ўсе эпізоды атрымання хабараў і перавышэння службовых паўнамоцтваў абвінавачанымі. На лаве падсудных трое вайскоўцаў навучальнага цэнтра ў Пячах.

Падрабязнасці першага дня судовых слуханняў - у Юрыя Шаўчука.

Першае судовае пасяджэнне па справе Аляксандра Коржыча прайшло ў выязным рэжыме ў будынку суда Маскоўскага раёна горада Мінска. Справа ў тым, што менавіта ў гэтым памяшканні знаходзіцца самая вялікая зала судовых пасяджэнняў, якая змагла змясціць усіх ахвотнікаў прысутнічаць на гэтым слуханні.

Акрамя некалькіх дзясяткаў журналістаў, на працэсе прысутнічае больш за 20 вайскоўцаў. Усе яны, як і маці Аляксандра Коржыча, прызнаныя па гэтай справе пацярпелымі. Дарэчы, акрамя мамы загінуўшага салдата на судзе знаходзілася і яго бабуля, але жанчыны ад зносін з прэсай устрымаліся. На лаве падсудных трое абвінавачаных: 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і Антон Важэвіч. Пасяджэнне пачалося з уступнага слова дзяржабвінаваўцы. Паводле версіі следства, Бараноўскі неаднаразова атрымліваў хабары ад салдат. Напрыклад, за тое, што дазваляў ім карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Цана пытання была 30-40 рублёў. Незадаволены, што салдаты размаўлялі пасля адбою, Бараноўскі прымусіў іх 30 раз адціснуцца ў процівагазе. Гэта адзначана ў абвінавачанні. Калі адзін з салдат адмовіўся, сяржант біў яго. Улічваючы, што здымкі ў зале суда забароненыя, словы дзяржабвінаваўцы агучым такім чынам…

Нагадаем, цела Аляксандра Коржыча было выяўлена 3 кастрычніка мінулага года ў будынку на тэрыторыі воінскай часці ў Барысаўскім раёне. Як высветлілася пазней, у падвале медыцынскай роты мёртвы салдат знаходзіўся тыдзень. Вайсковец быў згублены пасля таго, як вярнуўся з медсанчасці. Расследаванне гібелі 21-гадовага салдата доўжылася паўгода. У дзень на допыт выклікалі па 20-30 вайскоўцаў. Усяго было апытана каля 800 чалавек. І следства прыйшло да высновы, што гаворка ідзе аб "Перавышэнні ўлады, што пацягнула цяжкія наступствы - давядзенне да самазабойства", "Атрыманні хабару" і "Крадзяжы". Гэтыя артыкулы Крымінальнага кодэкса і ставяць у віну абвінавачаным, усяго ў справе фігуруе каля 150 эпізодаў і, як было названа, два дзясяткі пацярпелых.

Сваю віну ўсе трое падчас следства прызналі, але толькі часткова. Нягледзячы на тое, што менавіта дзеянні вайскоўцаў пацягнулі самазабойства Коржыча, крымінальная справа была ўзбуджана па артыкуле "Перавышэнне ўлады, што пацягнула цяжкія наступствы". Але гэта толькі юрыдычныя тонкасці, па сутнасці, сяржанты былі, так сказаць, кіраўнікамі Коржыча, а значыць у першую чаргу ў наяўнасці службовае злачынства.

Яшчэ, мабыць, дадам, што апроч трох сяржантаў, якія сёння знаходзяцца на лаве падсудных, да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты яшчэ 12 фігурантаў. Але іх дачыненне да смерці вайскоўца не было вызначана, таму гэтыя справы былі выдзелены ў асобную вытворчасць. Абвінавачаным па справе Коржыча можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.