Падазроны ў крадзяжы амаль мільёна долараў аб’яўлены ў вышук

28 апреля 2015

Сёння стала вядома аб гучным злачынстве, учыненым у сталіцы. Нагадаем, з разлікова-касавага цэнтра ў Цэнтральным раёне Мінска знікла буйная сума валюты. Аб гэтым у панядзелак раніцай на гарачую лінію 102 паведамілі самі працаўнікі банка. Яны выявілі, што на сейфах сарваныя пломбы, а адсекі пустыя.

Назва банка пакуль не афішуецца. Сам крадзеж, паводле дадзеных аператыўнікаў, адбыўся яшчэ ўвечары 25 красавіка. Гэта значыць у падазронага было ў распараджэнні больш за суткі, каб уцячы. Паводле інфармацыі міліцыі, на руках зламысніка 690 тысяч долараў ЗША, 64 тысячы еўра, амаль 4 млн. расійскіх рублёў і драбнейшыя сумы ў фунтах стэрлінгаў, швейцарскіх франках, грыўнях і злотых.