Пад колы рэйсавага аўтобуса трапіла школьніца

8 февраля 2016

У сталіцы на пешаходным пераходзе пад колы рэйсавага аўтобуса трапіла школьніца. 9-гадовая дзяўчынка дастаўлена ў бальніцу. Вадзіцель, з яго слоў, змог убачыць пешахода толькі ў апошні момант і не здолеў прадухіліць наезд. Праводзіцца праверка. Мінская ДАІ на тыдні правядзе аперацыю па прадухіленні дарожна-транспартных здарэнняў на пешаходных пераходах. Асаблівая ўвага аварыйна небяспечным участкам і прыпынкам. Аляксандр Харавец працягне.

Далёка не кожны вадзіцель гатовы прызнаць, што парушае правілы праезду пешаходных пераходаў. І толькі пасля таго як убачыць відэазапіс, пагаджаецца: парушыў.

Задумалася - і вось так атрымалася, прызнаецца Аксана Кармановіч і плаціць штраф. За чатыры гады ў вадзіцеля першае парушэнне. Спрачацца з інспектарам жанчына не стала.

За парушэнне правіл праезду пешаходных пераходаў бюджэт вадзіцеля можа паменшыцца як мінімум на 210 000 рублёў. Максімальны штраф складае больш за мільён. Прафілактычныя мерапрыемствы працягнуцца да 17 лютага. Акрамя гэтага, сваё ўкладанне ў папярэджанне траўматызму на нерэгулюемых пешаходных пераходах унясуць і дарожнікі. Напрыклад, у Маскоўскім раёне сёлета з'явяцца 9 штучных няроўнасцяў.

Толькі летась праз парушэнні правіл праезду пешаходных пераходаў у сталіцы адбылося 140 ДТЗ. У выніку чатыры чалавекі загінулі, амаль паўтары сотні атрымалі траўмы. Зрэшты, супрацоўнікі ДАІ заклікаюць і саміх пешаходаў быць больш уважлівымі падчас перасячэння праезнай часткі. Пераходзіць дарогу толькі ў дазволеных месцах і абавязкова глядзець па баках.