Па факце знікнення Максіма Мархалюка ўзбуджана крымінальная справа

26 сентября 2017

"Узбуджаць крымінальную справу па артыкуле "Забойства" было б беспадстаўна і амаральна", - так пракаменціраваў ход пошукаў Максіма Мархалюка Іван Наскевіч. Па словах старшыні Следчага камітэта, зараз няма падставы быць упэўненым у тым, што хлопчыка забілі.

Але не выключаецца ніводная версія таямнічага інцыдэнту. Сёння СК узбудзіў крымінальную справу па факце знікнення чалавека.

Гэта звычайная працэдура праз дзесяць дзён пасля падачы заявы. Як адзначыў кіраўнік СК, пераважная версія ўсіх праваахоўнікаў на гэты момант - ненасільнае знікненне дзіцяці.

Тым часам пошукі хлопчыка працягваюцца. Следчыя правяраюць усе магчымыя версіі здарэння. Нагадаем, 10-гадовы Максім Мархалюк пайшоў у грыбы 16 верасня. Увесь гэты час у выратавальнай аперацыі бяруць удзел валанцёры, супрацоўнікі МНС, міліцыі, леснікі і мясцовыя жыхары. Мясцовасць адпрацоўваецца авіяцыяй з цеплавізарамі.