Петарды і феерверкі на 20 тысяч долараў канфіскавалі ў сталічнага прадпрымальніка аператыўнікі

6 декабря 2017

50-гадовы бізнесмен займаўся справай легальна: у яго была і ліцэнзія, і гандлёвы пункт. Але складам тавара быў выбраны падвал жылога дома. Там захоўвалася каля 200 тысяч адзінак піратэхнічных вырабаў.

Таццяна Кавалёва, афіцыйны прадстаўнік ленінскага РУУС г. Мінска: "Гэта памяшканне не было абсталявана для захоўвання піратэхнічных вырабаў, што парушала пажарную бяспеку. Зараз у Ленінскім РУУС знаходзяцца матэрыялы праверкі. Па выніках праверкі будзе дадзена прававая ацэнка ІП, якому належыць гэта піратэхніка".

Аб затрыманні 1,5 млн петард паведамляюць і ва УУС сталічнай вобласці. Падчас праверкі яны выяўленыя на прадуктовым складзе ў Радашковічах без захавання належных мер бяспекі. Паведамляецца, што канфіскаваная піратэхніка належыць да 1-3 класа небяспекі - яе кошт ацэньваецца на 37 тысяч рублёў.