Першыя дні снежня ў Беларусі: адзін загінуўшы і некалькі выратаваных з халоднай вады

3 декабря 2018

Першыя дні снежня ў Беларусі адзначыліся моцным снегам і марозным надвор'ем, што скавала лёдам многія азёры і рэкі. Праўда, ненадоўга. І калі з аднаго боку гэта пачатак актыўнага зімовага адпачынку, то з другога - падстава ўважліва паставіцца да сваёй бяспекі і асабліва дзяцей. Сумная статыстыка таму пацвярджэнне. Толькі за першыя дні адзін загінуўшы і некалькі выратаваных з халоднай вады. Ахвярай тонкага лёду ў Добрушскім раёне стаў школьнік. Два браты выйшлі пакатацца на санках і праваліліся пад лёд. Выратавацца ўдалося аднаму. Яшчэ некалькі такіх выпадкаў, якія, на шчасце, скончыліся добра, у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Калі бяскрыўднае захапленне пераходзіць экстрэмальную мяжу і становіцца ракавым – прадоўжыць Аляксандр Харавец.

Дрыфт па тонкім лёдзе возера ў Мазырскім раёне скончыўся для вадзіцеля патопленым аўто. Сам мужчына сур'ёзна не пацярпеў. Машыне, відаць, патрабуецца сур'ёзны рамонт.

А вось так выглядаюць рыбакі, якія праваліліся пад лёд. Гэтаму мужчыну пашанцавала. Яго своечасова ўбачылі ратавальнікі і дасталі з палонкі. Пашанцавала і 10-гадоваму хлопчыку з Драгічынскага раёна. Дзіця правалілася пад лёд на возеры за паўкіламетра ад берага. Школьніка выратавалі рыбакі і перадалі медыкам.

Бязлітасным аказаўся лёд і для двух братоў у Добрушскім раёне. Школьнікі вырашылі праверыць таўшчыню пакрыцця на рацэ Іпуць. Аднак абодва праваліліся пад лёд. Адзін з хлапчукоў здолеў выбрацца на бераг і кінуўся клікаць на дапамогу. Пакуль падаспела падмога, 14-гадовага падлетка панесла цячэннем ракі. Выратаваць яго не ўдалося. Ды і знайсці цела ў ратавальнікаў пакуль не атрымліваецца. Пошукі працягваюцца дагэтуль. Гучна крычаць, не панікаваць і разлічваць свае сілы - гэта галоўныя рэкамендацыі тым, хто ідзе пад лёд. Праўда, справіцца з сабой не заўсёды атрымліваецца, гаворыць вопытны ратавальнік Алег Кавальчук. Як мінімум тройчы за халодны сезон ён тоне, і штораз яго ратуюць. Але гэта вучэнні. Так што хэпі-энд тут прапісаны па сцэнарыі.

Сем сантыметраў - гэта мінімальная таўшчыня лёду, якая можа вытрымаць вагу дарослага чалавека. Праўда, зараз далёка не ўсе вадаёмы краіны здольныя на гэта.

З надыходам маразоў сёлета ахвярамі тонкага лёду ў нашай краіне ўжо сталі 2 чалавекі.

А вось лёд на вуліцах Брэста прывёў больш як сто чалавек з пераломамі, ударамі і расцяжэннямі ў траўмапункты. Гэта вынік ледзянога дажджу, што скаваў рэгіён. К вечару ў рэгіёне пацяплела, і галалёд сышоў. Павышэнне тэмпературы сіноптыкі прагназуюць і ў астатніх рэгіёнах краіны. І калі галалёдныя траўмы можна папярэдзіць, своечасова пасыпаўшы вуліцы і тратуары рэагентамі, то аб бяспецы на лёдзе павінен кожны падбаць сам. Бо ратавальнікі не заўсёды могуць апынуцца побач.