Ад ураганнага ветру ў Беларусі сёння ноччу пацярпелі паўтары сотні вёсак

14 апреля 2015

Паводле аператыўных звестак МНС, стыхія абмінула толькі паўночны рэгіён краіны. Парывы ветру дасягалі 24 метраў за секунду. Пашкоджаны дахі 111 жылых дамоў і больш за 200 офісных будынкаў. Пацярпелых, на шчасце, няма. Ратавальнікі і камунальнікі ліквідавалі наступствы ўрагану ўсю ноч. І ў гэтыя хвіліны аварыйныя брыгады працягваюць аднаўляць электразабеспячэнне. Паводле звестак "Белэнэрга", за суткі ў Беларусі былі абясточаныя 642 населеныя пункты. На 6 раніцы без святла заставаліся ўжо толькі 40 вёсак.

Штармавое папярэджанне беларускія сіноптыкі аб’явілі на найбліжэйшыя некалькі дзён. Халаднаватым, сырым і ветраным будзе ўвесь тыдзень. Сёння і заўтра прагназуюцца дажджы, узмоцніцца вецер. Тэмпература паветра - не вышэй за 11 градусаў. Самым непагодлівым днём будзе чацвер. А да выхадных стане яшчэ халадней.