Ад 6 да 9 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд аб’явіў прыгавор па справе Аляксандра Коржыча

5 ноября 2018

Літаральна гадзіну таму ў Мінску аб’яўлены прыгавор па справе аб гібелі радавога Аляксандра Коржыча. Суд задаволіў патрабаванні дзяржаўнага абвінаваўцы. Тры сяржанты, якія абвінавачваліся ў давядзенні вайскоўца да самазабойства, прызнаныя вінаватымі. Максімальнае пакаранне - 9 гадоў пазбаўлення волі - прызначана Яўгену Бараноўскаму. Ён прызнаны вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабару, перавышэнні ўлады, што прывяло да цяжкіх наступстваў. Астатнія фігуранты прызнаныя вінаватымі ў хабарніцтве і перавышэнні ўлады. Антон Вяжэвіч прыгавораны да 7 гадоў, Ягор Скуратовіч - 6 гадоў пазбаўлення волі. Усе трое будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яны таксама пазбаўлены звання сяржантаў.

Юрый Шарснёў, дзяржаўны абвінаваўца: "Злачыннымі дзеяннямі прычынены істотны ўрон правам і законным інтарэсам вайскоўцаў, істотны ўрон справе ўмацавання воінскай дысцыпліны ў падраздзяленнях, прычынены ўрон інтарэсам дзяржавы ў выглядзе падрыву аўтарытэту органаў ваеннага кіравання, паслаблення воінскай дысцыпліны".

Нагадаем, трагедыя здарылася ў кастрычніку мінулага года. Радавы Аляксандр Коржыч быў знойдзены павешаным у падвале медроты 72-га вучэбнага цэнтра ў Пячах. На вынясенні прыгавора прысутнічалі некалькі дзясяткаў вайскоўцаў. Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.