Асноўная афіцыйная версія ў справе аб гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёве - суіцыд

20 мая 2019

Следчы камітэт падзяліўся з журналістамі апошняй інфармацыяй. Следства адпрацавала розныя версіі гібелі 22-гадовага інспектара Яўгена Патаповіча і зараз разглядае толькі самазабойства. Інфармацыя аб тым, што яго выкралі на чорнай "Волзе" і забілі, афіцыйнага пацвярджэння не знайшла. Лейтэнант самастойна прыняў рашэнне пакінуць рабочае месца 16-га мая, кіраўніцтва яго на месца ДТЗ не накіроўвала. Паводле папярэдняга заключэння экспертаў, смерць міліцыянера наступіла ў выніку агнястрэльнага ранення ў галаву. Ніякіх слядоў, акрамя агнястрэльнага ранення, на целе Патаповіча не выяўлена. З месца здарэння, акрамя дакументаў і табельнай зброі, былі забраны дровы, лапата і вадкасць для распальвання.

Яўген Архірэеў, начальнік галоўнага следчага ўпраўлення СК Беларусі: "Каля 11 гадзін у адным з гандлёвых пунктаў супрацоўнік міліцыі набыў дровы, вадкасць для распальвання. На целе супрацоўніка міліцыі не выяўлена цялесных пакалечанняў за выключэннем агнястрэльнага ранення. Як ужо адзначалася, насуперак інфармацыі, якая размешчана ў Інтэрнэце, рукі супрацоўніка міліцыі знаходзіліся ў становішчы, што дазваляе зрабіць выстрал".

 Журналістам прадэманстравалі фота- і відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць, што рукі афіцэра, сапраўды закаваныя ў наручнікі, знаходзіліся ў становішчы, якое дазваляла зрабіць выстрал. Нагадаем, цела 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча было выяўлена ў лясным масіве пад Магілёвам вечарам 16 мая.