Аранжавы ўзровень небяспекі з-за маразоў захаваецца ў Беларусі і заўтра

8 января 2017

У ноч на панядзелак чакаецца да 29 градусаў ніжэй за нуль. Самай жа марознай з пачатку года стала гэтая ноч. У Віцебскай вобласці было 34 ніжэй за нуль. Вялікі мінус не вытрымліваюць цепласеткі. Напярэдадні позна вечарам прарвала вадаправод у Гродне. Гэтымі хвілінамі спецыялісты завяршаюць падачу халоднай вады ў шэсць адміністрацыйных будынкаў. У Мазыры без  цеплазабеспячэння да раніцы заставаліся шэсць шматкватэрных дамоў.

Верагодна,  з-за нізкай тэмпературы, у аэрапорце Гомеля самалет Cessna пасля пасадкі выехаў за межы пасадачнай паласы. Прычынай стала пашкоджанне шыны левай стойкі шасі. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

А ў Лагойскам раёне напярэдадні  з-за пнеўмасістэмы, якая замерзла, зламаўся экскурсійны аўтобус з расійскімі турыстамі. Гасцей аператыўна размясцілі ў гасцініцы, а сёння раніцай

падалі іншы транспарт для вяртання ў Пскоў 54 пасажыраў.