Адзін пажар пакінуў адразу тры сям'і без надзей, планаў і даху над галавой

5 июня 2015

Прычыну ўзгарання ў Івянцы не могуць высветліць дагэтуль. Нягледзячы на тое што з моманту здарэння прайшоў месяц, афіцыйную версію так і не назвалі. Гаспадары згарэлага дома ўпэўненыя: прычынай надзвычайнага здарэння стаў выкід з трубы кацельні. Пацярпелыя ўпэўненыя: вінаватых трэба пакараць паводле закона. Але як гэта зрабіць, калі справа зацягваецца, а тэрміны праверкі пастаянна пераносяцца. У матэрыялах разбіралася Аляксандра Штамплеўская.

Зараз у гэтым летнім доміку неяк павінны размясціцца адразу дзве сям'і. Хаця ён, гавораць, лепей за тое жыллё, якое выдзелілі ад раёна. Прычым прапанавалі яго пагарэльцам на камерцыйных умовах. Бытавыя пытанні ў сям'і музыкантаў зараз стаяць вышэй за творчыя задачы.

Гэта ўсё, што засталося ад старажытнага фартэпіяна.

Разам з ім назаўжды замоўклі гітары, скрыпкі, саксафон. Усё жыццё ў дынастыі музыкантаў збіралі інструменты. А ў гэтым абгарэлым пакоі калісьці была студыя гукапісу. Пажар забраў у сям'і не толькі дом, але і працу ў кавер-групе і хобі ўсяго жыцця.

Але хвалюе пацярпелых нават не гэта. Мінуў ужо больш за месяц, а прычыну пажару дагэтуль так і не назвалі. Хаця свой вердыкт відавочцы ўжо даўно вынеслі: ракавая іскра заляцела да іх з трубы кацельні. Якія работы праводзілі там у апошні дзень ацяпляльнага сезона, застаецца толькі здагадвацца.

Наталля Малажавая, гаспадыня згарэлага дома: "Раптам я адчула пах смаленай гумы, вось як шыны паляць. І гляджу - з трубы ідзе нейкі дым, але ён страшны і незразумелы. Ён быў адначасова і чорны і жоўты з блакітным адценнем. І прычым быў ураганны вецер - гэты дым сцяліўся на наш дах".

Кацельня ўшчыльную падабралася да прыватнай забудовы. Пажару ад станцыі тут асцерагаліся ўжо даўно. Яшчэ пяць лет назад ЖКГ абяцала паставіць на трубу іскраўлоўнік. Нават пісьмо захавалася. Але іскрыць пасля гэтага станцыя менш не стала.

Яніна Лянкевіч, суседка, жыхарка пасёлка Івацэвічы: "Што ў іх у трубах, я не ведаю, але сажа на наш трэці дом сыплецца пастаянна. Мы не можам павесіць бялізну. Яна ўся ў сажы, а адзін раз былі дзірачкі".

Пагарэльцы ўпэўненыя: за іх бяду вінаваты павінен адказаць па законе. Замест тэкстаў песень музыканты зараз пішуць лісты ва ўсе інстанцыі. Адказы прыходзяць, але справа з мёртвага пункта так і не зрушылася, хаця з нядаўніх часоў яна на кантролі ў пракуратуры вобласці.

Сяргей Габруковіч, намеснік пракурора Валожынскага раёна: "Асноўнай прычынай, якая зараз правяраецца, з'яўляецца няправільная эксплуатацыя кацельнага абсталявання, а менавіта выкарыстанне неналежных відаў паліва".

Прасцей кажучы, у топцы маглі апынуцца сырыя дровы. Засталося дачакацца вынікаў экспертызы. Тады, верагодна, з'явіцца магчымасць узбудзіць крымінальную справу, а значыць і шанц дабіцца кампенсацыі. Ну а пакуль песні ў музычнай сям'і кладуцца ўсё больш на мінорны лад.