Недзіцячыя праблемы кранулі дзіцячыя пляцоўкі

6 июля 2016

У Брэсце амаль увесь квартал застаўся без гульнявой зоны. Прычына - неадпаведнасць нормам бяспекі. Дзеянні, здавалася б, абгрунтаваныя, але наўзамен абслуговая арганізацыя нічога не прапаноўвае. І гэта падчас летніх канікул. Ці знойдуць кампраміс і ці стануць дзіцячыя пляцоўкі бяспечнымі? Меркаванні бакоў выслухала Вікторыя Патоня.

Недзіцячыя праблемы кранулі дзіцячыя пляцоўкі. У дварах па вуліцы Машэнскага фарбаў паменшылася: з дзіцячых забавак - толькі асірацелыя пясочніцы і некалькі сціплых турнікоў. Жыхары шматпавярховак здзіўляюцца: чаму гульнявое абсталяванне, якому ўсяго шэсць гадоў, вырвалі з коранем, а наўзамен нічога не ўсталявалі?

Пляцоўкі абслугоўвае падведамная Беларускай чыгунцы арганізацыя. Тут гавораць: патрабаванні да дзіцячых гульнявых комплексаў сталі больш жорсткімі. Маніторынг, праведзены спецыялістамі транспартнай пракуратуры, паказаў: 39 канструкцый з дэфектамі. Ухіліць недахопы самастойна прадпрыемства не можа, але і пакінуць арэлі на пляцоўцы рызыкоўна.

Хоць бацькі і стаялі гарой за самыя папулярныя атракцыёны, абслуговая арганізацыя іх дэманціравала. Аднак, на думку жыхароў мікрараёна, пытанне бяспекі дзяцей так і засталося нявырашаным.

Пытанне аб заключэнні дамовы з іншай фірмай, якая вырабляе абсталяванне для дзіцячых пляцовак, абслуговае прадпрыемства нават не разглядала. А паўпарожнія гульнявыя зоны спрабуе перадаць на баланс гораду.

На ўвесь квартал засталася вось гэтая адзіная дзіцячая пляцоўка. Але ўсіх дзяцей адначасова яна не здольная змясціць. Жыхары шматпавярховак усё ж спадзяюцца, што на месцы прыбраных арэляў і горак зусім хутка з'явіцца альтэрнатыва.