У Беларусі з 5 лістапада афіцыйна адкрыты сезон палявання на пушнога звера. Аднак, як высветлілася, далёка не ўсе паляўнічыя разумеюць, пра якіх насельнікаў лесу ідзе размова. Пад выглядам зайца парушальнікі спрабуюць вывезці, напрыклад, казулю. А гэта ўжо незаконнае паляванне. У пошуках парушальніка часта дзяржінспектары ў літаральным сэнсе ідуць па слядах крывавага сафары. З падрабязнасцямі Карына Пашкова.
У лесе раздаецца выстрал, неўзабаве на выездзе з пушчы аўтамабіль паляўнічых сустракаюць абаронцы флоры і фаўны. Праверка дакументаў і зброі і вердыкт - паляванне законнае. Дазвол на адстрэл зайцоў, трафей адпавядае дакументам. Аднак нярэдкія выпадкі, калі абаронцы флоры і фаўны маюць справу з браканьерамі. Высочваць і заганяць апошніх даводзіцца як сапраўднага звера.
У пошуках парушальніка часта дзяржінспектары ў літаральным сэнсе ідуць па слядах крывавага сафары. Але, згодна са статыстыкай, выпадковымі прахожымі або нават санітарамі лесу аказваецца большасць браканьераў. Прынамсі, паводле іх слоў. Падобная сітуацыя адбылася ў Гродзенскім раёне. Шлях паляўнічаму заступілі абаронцы флоры і фаўны. Згодна з дакументамі, мужчына адстрэльваў зайцоў, а за спінай аказалася туша казулі.
Паводле слоў мужчыны, у лесе ён заўважыў ужо забітую жывёліну і вырашыў не даць прапасці дабру. Таму і забраў з сабою. Але такое тлумачэнне дзяржінспектарам здалося сумніўным. Экспертызы зараз усталююць, якое дачыненне паляўнічы мае да незаконна здабытай тушы казулі.
Гэтых аматараў начных ралі інспектары прыродааховы заўважылі ў лясах Лельчыцкага раёна каля вёскі Свіднае. Двое мужчын на квадрацыкле каталіся ўздоўж лесу не дзеля прыгожых краявідаў, а займаліся незаконным паляваннем. Праваахоўнікі пачулі выстралы і накіраваліся ў бок гоншчыкаў. Апошнія толькі паскорыліся. Мабыць, пазбаўляючыся ад лішняга грузу, мужчыны выкінулі на шляху стрэльбу.
У выніку назбіраўся цэлы камплект парушэнняў. Пры сабе ў затрыманых былі патроны. Акрамя таго, перш чым сесці на квадрацыкл, мужчыны выпілі. У выніку на месца выклікалі і супрацоўнікаў ДАІ. Што тычыцца палявання, удача і ў гэтым выпадку аказалася не на баку парушальнікаў, здабычы яны не прывезлі. Несці адказнасць прыйдзецца і дырэктару паляўнічай гаспадаркі за тое, што ён перадаў сваю зброю і арганізаваў незаконнае паляванне.













