Пачынаецца разгляд карупцыйнай справы ў дачыненні да былога дырэктара “Смалявіцкага райаграсервіса”

3 мая 2018

У судзе Жодзіна сёння пачынаецца разгляд карупцыйнай справы ў дачыненні да былога дырэктара “Смалявіцкага райаграсервіса”. Яго падазраюць у атрыманні так званай падзякі за рашэнне аб пастаўках прадукцыі. Акрамя гэтага, мужчыну будуць судзіць па падазрэнні ў злоўжыванні і перавышэнні ўлады.

Нагадаем, крымінальныя справы заведзеныя ў дачыненні да некалькіх кіраўнікоў АПК. Усе яны падазраюцца ў атрыманні хабараў.

Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі: "Шэраг дырэктараў атрымаў хабары. Сума вагалася ад 550 да 3500 долараў ЗША, акрамя таго, вылічалася і ў працэнтных суадносінах - да 10 % ад сумы падпісанага кантракту. Службовым асобам інкрымінаваны артыкулы: "Атрыманне хабараў". Следства перадало матэрыялы ў пракуратуру для накіравання ў суд".

Напярэдадні ў Жодзіне пачаліся слуханні па справе былога кіраўніка прадпрыемства “ЖодзінаАграПлемЭліта”. Гаворка ідзе пра адкаты - каля 6 % ад сумы дамовы ішлі ў кішэню дырэктара. Следства ўстанавіла, што за перыяд з кастрычніка 2016 года па красавік 2017 ён атрымаў больш як паўтары тысячы долараў ЗША. Акрамя таго, падчас вобыску ў доме падазронага аператыўнікі знайшлі пісталетны патрон. Гэты факт кваліфікуецца следствам як незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў.