Пачатак абагравальнага сезона для жыхароў некалькіх кватэр у Магілёве абярнуўся катастрофай

9 октября 2019

Пачатак абагравальнага сезона для жыхароў адразу некалькіх кватэр у Магілёве абярнуўся сапраўднай катастрофай.

Камунальныя службы пасля замены батарэй забылі паставіць заглушку. У выніку  разам з цяплом на людзей абрынуўся сапраўдны патоп. Як вырашыцца мокрая справа, хто кампенсуе ўрон - высвятляў Андрэй Ястрабаў.

Менавіта з такога ліўня ў кватэры пачаўся абагравальны сезон для сям'і Швархалёвых. Прыйшлі з працы, а ў доме камунальны калапс. Ганна ўспамінае, што ў першыя хвіліны адчулі шок. Адразу ж схапіліся за ручнікі.

Гэта потым яны знайшлі свайго ката, які ратаваўся ад вады ў шафе. Спачатку некалькі гадзін запар спрабавалі вырашыць праблему. І тэлефанавалі ва ўсе інстанцыі. 

А сям'і Юрчанка давялося выліваць ваду нават з плафонаў люстры. Газ на пліце не ўключыць. Электрычнасці няма. Капрамонт кватэры пенсіянеры не планавалі, але  зараз прыйдзецца. 

Вось здымак той самай няшчаснай батарэі на пятым паверсе. Зараз, вядома, яе прыпаялі да труб як трэба. Але жыць у мокрых кватэрах немагчыма.

Нават зараз, праз суткі, у кватэры немагчыма знаходзіцца. Вільготнасць амаль стапрацэнтная. Сцены дагэтуль мокрыя. 

За суткі ў пацярпелых кватэрах пабывалі дзясяткі камунальшчыкаў. Аб здарэнні стала вядома нават губернатару. Сёння сітуацыю ў Магілёве прааналізавалі. У выніку чатыры кіраўнікі камунальных структур Магілёва ў тым ЖЭУ № 12 вызваленыя ад пасад. Такога пачатку абагравальнага сезона ў Магілёве яшчэ не было.

 Аператыўнасці запатрабавалі ад усіх, у тым ліку і ад цэнтральнай дыспетчарскай службы Магілёва. Да якой часам не датэлефанавацца. Яшчэ б - да 5 зваротаў тут прымаюць кожную хвіліну. Але сотні застаюцца нявырашанымі. 

Вяртаючыся да здарэння па бульвары Непакорных, ва ўпраўленні камунальных прадпрыемстваў Магілёва паабяцалі поўную падтрымку пацярпелым. Адной  сям'і ужо выдзелена бясплатна часовае жыллё.