На месцы злачынства ў Пінску працягваецца расследаванне

5 января 2018

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, напярэдадні вечарам злачынцы трапілі ў прыватны дом прадпрымальніка ў мікрараёне Жылгарадок. Пагражаючы зброяй, яны звязалі жонку і малалетнюю дачку бізнесмена і сталі патрабаваць грошы. Мужчына перадаў злачынцам 11,5 тысячы долараў і здолеў націснуць трывожную кнопку. Праз 4 хвіліны на месца надзвычайнага здарэння прыбыў нарад Дэпартамента аховы МУС. Супрацоўнікі міліцыі заўважылі сляды пранікнення ў жыллё, а таксама мужчыну ў масцы, які схаваўся ў доме. Быў выяўлены і яшчэ адзін злачынец. Падазроныя аказалі ўзброенае супраціўленне, але былі затрыманыя.

Аляксандр Рахманаў, начальнік УСК Беларусі па Брэсцкай вобласці:

"У выніку затрыманы двое - 1985 і 1989 гадоў нараджэння, якія ў сувязі з агнястрэльнымі раненнямі былі шпіталізаваныя. Гаспадар дома, члены яго сям'і не пацярпелі. Узбуджана крымінальная справа”.

Супрацоўнікі міліцыі высветлілі месцазнаходжанне яшчэ двух падазроных, яны затрыманы. Як нам удалося высветліць, некаторыя ўдзельнікі злачыннай групы - прыезджыя з Расіі, яшчэ адзін - жыхар пасёлка Лагішын Пінскага раёна.