МУС затрымала злачынную групу, якая дапамагала адмываць прадпрыемствам грошы

5 марта 2015

"Вялікае мыццё" зараз ад барацьбітоў з эканамічнай злачыннасцю. МУС затрымала злачынную групу, якая дапамагала адмываць прадпрыемствам грошы. Чорных эканамістаў, якія ўваходзілі ў злачынную групу, падазраюць у арганізацыі так званых фінак - падстаўных фірмаў, праз якія і вымываліся фінансы. Толькі паводле папярэдніх падлікаў, такая крымінальная "пральня" прапусціла праз сябе больш за 300 мільярдаў рублёў. Скарысталіся яе паслугамі без малога 200 беларускіх кампаній. Усяго аператыўнікі правялі звыш 40 вобыскаў у офісах зламыснікаў. Акрамя дакументаў, накладных і пячатак на кватэрах падазроных знайшлася і зброя - 8 агнястрэльных ствалоў і больш за 300 боепрыпасаў. Мабыць, проста так здавацца яны не хацелі. Аднак байцы "Алмаза", як заўсёды, апярэдзілі думкі аферыстаў.

Крымінальныя справы па фактах ухілення ад выплаты падаткаў ужо ўзбуджаны. Пяць найбольш актыўных удзельнікаў злачыннай групы знаходзяцца пад арыштам, у тым ліку і арганізатар. Рахункі падкантрольных ім фірмаў арыштаваны. Хутка будуць разбірацца і з кліентамі гэтай крымінальнай "пральні".