МУС агучыла падрабязнасці гучнай справы аб дамоўных матчах

28 июля 2016

Сёння МУС агучыла падрабязнасці гучнай справы аб дамоўных матчах. Напрыклад, ёсць усе падставы лічыць, што футбалісты, якія ні разу не выходзілі на газон, прымалі актыўны ўдзел у нелегальных стаўках. Гэтыя гульцы падавалі ўмоўныя сігналы партнёрам па камандзе. Першым чынам, гаворка ідзе аб матчы "Баранавічы" - "Ашмяны", ён адбыўся 5 чэрвеня і скончыўся з лікам 1:0. На такі зыход гульні паўплывалі двое ўкраінцаў, праз беларуса яны падкупілі футбалістаў "Ашмянаў". У МУС лічаць, што падчас згаданай сустрэчы адну з асноўных роляў сыграў гулец, які знаходзіўся на лаўцы запасных "Ашмянаў" і перадаваў умоўныя сігналы калегам.

І напярэдадні была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле "Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартыўных спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў". На сёння падазронымі па справе, акрамя заказчыкаў і пасрэдніка, прызнаныя пяць гульцоў футбольнага клуба "Ашмяны", яны затрыманыя. Дарэчы, у МУС падкрэслілі, што падчас расследавання яны цесна супрацоўнічаюць з Беларускай федэрацыяй футбола.