Ашуканца з Полацка аб'явілі ў міжнародны вышук

31 мая 2016

У міжнародны вышук аб'явілі жыхара Полацка. Ён выдаваў сябе за знахара. Мужчына падманваў людзей - абяцаў магіяй вылечыць іх хваробы. Аднак абяцанні шарлатана прывялі да гібелі. З-за хваробы, якая прагрэсіравала, памерлі два чалавекі. Упершыню рэклама нетрадыцыйных метадаў лячэння аферыста з'явілася ў 2013 годзе. Ніякіх сертыфікатаў і дазволаў на такую дзейнасць не было. Мужчына проста пераконваў сваіх пацыентаў, што цалкам вылечыць іх. Пры гэтым ён настойліва адгаворваў звяртацца да ўрачоў.

Дзмітрый Дзягілеў, начальнік Наваполацкага міжраённага аддзела УДФР КДК Беларусі па Віцебскай вобласці: "Лячыў грамадзян ад нарказалежнасці, ад тытунекурэння, таксама ад бясплоднасці. І апошняе, чым ён пачаў займацца, - гэта лячэнне анкалагічных захворванняў, таму былі знойдзены грамадзяне, якія звярталіся да яго".

Паводле звестак фінансавай міліцыі, знахар зараз хаваецца ў Літве, адкуль, уласна, і родам. Уся маёмасць шарлатана, у тым ліку асабняк у Полацку і аўтамабіль, арыштаваная.