Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Улада Казакевіча да 15 гадоў пазбаўлення волі

3 марта 2017

15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд сёння вынес Мінскі гарадскі суд Уладзіславу Казакевічу. Гэтая гісторыя бударажыць усіх, хто пра яе чуў. 8 кастрычніка 17-гадовы падлетак з бензапілой і сякерай адправіўся ў гандлёвы цэнтр "Новая Еўропа", каб забіць як мага больш людзей. У выніку жудаснага нападу адна жанчына загінула, яшчэ трое атрымалі траўмы.

Храналогія трагічнага дня і прысуд, які паставіў кропку ў гэтай рэзананснай справе - у Юрыя Шаўчука. 8 кастрычніка, вечар. У гандлёвы цэнтр "Новая Еўропа" уваходзіць чалавек, за спінай бензапіла ў сумцы і сякера. Без лішніх слоў і крыкаў зламыснік заводзіць інструмент і нападае на жанчыну. Ахвяры ўдаецца ўцячы. Але хлопец не спыняецца і накідваецца на Алену Александронец. Ад атрыманых траўм жанчына загінула. Прадоўжыць злачынцу перашкодзілі відавочцы, яны яго затрымалі і пазней перадалі ў рукі правасуддзя.

Чалавекам, які нападаў, аказаўся тады яшчэ 17-гадовы Уладзіслаў Казакевіч. Студэнт першага курса МІТСО дэталёва спланаваў свой напад, напярэдадні нават спрабаваў рэалізаваць свой жудасны план у інстытуце, дзе вучыўся. Але ў той дзень напад сарваўся - заглухла бензапіла.

Так што ж падштурхнула падлетка на такі жудасны ўчынак? Прычын можа быць некалькі: прабел у выхаванні, супрацьстаянне грамадству або нават медыцынскія прэпараты, якія хлопец прымаў ад акне. Тое, што гэта сапраўды не псіхічнае расстройства або стан афекту, стала вядома падчас следства.

У "Новай Еўропе" Аляксандр Александронец страціў сваю жонку. Таму мужчына як ніхто іншы быў зацікаўлены ў справядлівым вердыкце Феміды. Як бы яму ні было цяжка, але разам са сваёй дачкой ён прысутнічаў на кожным пасяджэнні суда. За гэты час было зроблена шмат гучных заяў. Напрыклад, абвінавачаны прызнаўся, што адзінае, аб чым ён шкадуе, гэта тое, што забіў так мала людзей. А дзяржабвінаваўца запрасіў для падсуднага 15 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, гэта максімальны тэрмін, які можа атрымаць непаўналетні падсудны ў нашай краіне па тых артыкулах, якія яму былі прад'яўлены.

Гэты тэрмін асуджаны атрымаў за забойства Алены Александронец. А яшчэ прысуд за замах на жыцці людзей і хуліганства. Канчатковы тэрмін, які прад'яўлены абвінавачанаму, - 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама Уладзіслаў Казакевіч павінен выплаціць сваякам загінуўшай і пацярпелым 200 тысяч рублёў.

Так ужо атрымалася, што асабістая праблема аднаго канкрэтнага чалавека прывяла да ўсведамлення таго, што грамадства ўжо не можа ігнараваць выклікі сучаснага свету. Патрэбныя адэкватныя крокі ў галіне паўнацэннага выхавання падрастаючага пакалення. Бо з кожнай гісторыі, хай і трагічнай, трэба заўсёды рабіць свае высновы.

Вердыкт Феміды ўступіць у законную сілу пасля таго, як копіі пастановы суда на рукі атрымаюць дзяржабвінаваўца і адвакат. Што тычыцца пракурора, то ён прысудам застаўся задаволены. Што ж тычыцца адваката, то час пакажа, ці будзе абскарджаны прысуд.