Новыя факты крадзяжу прадуктаў для гомельскіх школ

14 февраля 2019

Новыя факты крадзяжу прадуктаў для гомельскіх школ. Размова ідзе пра ўрон 46 тысяч рублёў. Жыхар абласнога цэнтра, загадчык вытворчасці і таваразнаўца камбіната школьнага харчавання затрыманыя і зараз знаходзяцца ў ізалятары. Крымінальная справа перакваліфікаваная з другой часткі артыкула "Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі" на чацвёртую. У кожнага фігуранта была свая роля. Загадчыца сталовай адпраўляла на склад камбіната штодзённыя заяўкі на прадукты. Пры гэтым у дакументах яна завышала колькасць навучэнцаў. Такім чынам, з'яўляліся лішкі, якія таваразнаўца афармляла ліпавымі накладнымі і пакідала на складзе. Падробленыя дакументы падпісвала загадчыца. Дарэчы, іх таваразнаўца падчас праверкі спрабавала спаліць, пра гэта нам расказалі ў МУС. Ну а выкрадзеныя крупы, мяса, згушчанае малако, цукар, крабавыя палачкі і іншыя прадукты прадавалі ў горадзе або вывозілі ў Расію. Схема працавала на працягу ўсяго мінулага года. Але ў МУС мяркуюць, што ўсё можа быць куды больш маштабна. Падчас праверкі былі выяўленыя такія схемы яшчэ ў 15 школах горада з агульным уронам парадку 200 тысяч рублёў.

А гэты выпадак ужо тыдзень абмяркоўвае грамадскасць у сацыяльных медыя, і ён таксама датычыцца харчавання ў школах. У супольнасці "Жыццё Слоніма" апублікавалі фатаграфіі першых страў. Аб каларыйнасці гаварыць не варта, толькі назва "суп з грэнкамі" неяк апраўдвае знешні выгляд стравы.