Міжнародную злачынную групу раскрылі беларускія і літоўскія аператыўнікі

10 июля 2015

Міжнародную злачынную групу раскрылі сумесна беларускія і літоўскія аператыўнікі. Зламыснікі наладзілі нелегальныя пастаўкі наркотыкаў з паўднёвага захаду Еўропы ў Беларусь і Расію. Аб прыкладзе паспяховага супрацоўніцтва праваахоўнікаў дзвюх краін гаварылі сёння ў Гродне падчас сустрэчы прадстаўнікоў сілавых структур. Як падкрэсліў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Валянцін Міхневіч, такая кааперацыя вопыту і тэхналогій дапамагла раскрыць не адно злачынства.

Валянцін Міхневіч, першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі: "Сёлета мы затрымалі злачынную групу з грамадзян Беларусі і Літвы. Яны стварылі ўстойлівую злачынную арганізацыю, якая займалася перамяшчэннем мараканскага гашышу, пачынаючы з Іспаніі і далей у Германію, Літву і праз Украіну і Беларусь у тым ліку ў Расію".

Сёння таксама размова ішла наконт больш шчыльнага ўзаемадзеяння ў сферы контртэрарызму, процідзеяння наркатрафіку, гандлю людзьмі і праследавання злачынцаў, якія хаваюцца ад правасуддзя ў дзвюх краінах. Дарэчы, паводле інфармацыі МУС, летась у Літве затрымалі сем беларусаў, а з нашай краіны экстрадзіравалі чатыры літоўцы.