Міжнародная злачынная група затрымана ў Беларусі

14 апреля 2018

Міжнародная злачынная група затрымана ў Беларусі пры спробе пераправіць нелегалаў у ЕС. Гэта 11 выхадцаў з В'етнама разам з інтэрнацыянальнай групай праваднікоў. Затрыманне адбывалася гучна - з прымяненнем зброі. Бралі групу на трасе паблізу аграгарадка Ракаў у Валожынскім раёне.

Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі: "Аператыўная група паслядоўна затрымала тры транспартныя сродкі, што накіроўваліся да дзяржаўнай мяжы. У аўтамабілях арганізатары (грамадзяне Азербайджана), перавозчыкі (грамадзяне Беларусі) перамяшчалі групу нелегалаў з В'етнама. Разам з імі затрыманы і грамадзяне Расіі, якія выконвалі ролю праваднікоў цераз дзяржаўную мяжу ў Еўрапейскі саюз".

У дачыненні да арганізатара канала, памагатых і праваднікоў узбуджана крымінальная справа. А нелегальных мігрантаў чакае дэпартацыя.