Буйны канал наркатрафіку спыніла МУС Беларусі сумесна з супрацоўнікамі мытні і пагранічнікамі

19 июня 2017

Буйны канал наркатрафіку спыніла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сумесна з супрацоўнікамі мытні і пагранічнікамі.

Па падазрэнні ў кантрабандзе мараканскага гашышу затрыманыя два беларусы - жыхары Баранавіч і Слуцка, якія нідзе не працуюць. У іх машыне было канфіскавана амаль 40 кілаграмаў небяспечнага рэчыва. Што цікава: у якасці перавозчыка дылеры выкарысталі сваю сяброўку - удаву і маці дваіх дзяцей. Як расказалі ў МУС, пакуль жанчына была на шопінгу ў адной з краін Еўропы, яе "опель" пераабсталявалі паліўным газавым балонам, які быў напоўнены пакетамі з гашышам. У міліцыі заяўляюць, што сяброўцы пра свае планы яе прыяцель не паведаміў.

Узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Незаконны абарот наркотыкаў". Як доўга дзейнічала схема і колькі гашышу затрыманым удалося пераправіць у краіны ЕАЭС, высвятляецца. Плюс да ўсяго аператыўнікі расследуюць увесь ланцужок незаконнага трафіку.