Буйную партыю гашышу затрымалі супрацоўнікі Брэсцкай мытні

13 февраля 2017

Буйную партыю гашышу - больш чым 300 кілаграмаў - затрымалі супрацоўнікі Брэсцкай мытні. Грузавы аўтамабіль накіроўваўся з Польшчы ў Расію праз міжнародны пункт пропуску "Казловічы". Па дакументах у паўпрычэпе-рэфрыжэратары перавозіліся лакафарбавыя матэрыялы. Аднак спецыялісты звярнулі ўвагу на канструкцыйныя асаблівасці машыны і правялі паглыблены надгляд з дапамогай кінолагаў.

Ігар Рудакоў, намеснік начальніка Брэсцкай мытні: "Было прынята рашэнне накіраваць транспартны сродак на інспекцыйна-надглядальны комплекс. У выніку вывучэння сканаграмы былі заўважаныя нехарактэрныя асаблівасці паўпрычэпа. Было прынята рашэнне правесці ручны надгляд, у выніку якога ў сценцы аўтамабіля выяўлена схованка з 350 брыкетамі гашышу".

Узбуджана крымінальная справа. Экспертыза паказала, што канфіскаваны тавар - гэта сапраўды наркотык расліннага паходжання. Папярэдняя ацэнка кантрабанды - каля 6 мільёнаў долараў. За апошнія 5 гадоў гэта другое затрыманне такой вялікай партыі гашышу на беларуска-польскім напрамку. Аналагічны выпадак адбыўся ў 2014 годзе, калі ў грузавым чыгуначным вагоне 330 кілаграмаў наркотыкаў былі схаваныя ў брусчатцы.