Буйная афера і мільярды рублёў урону

4 марта 2015

Дэпартамент фінансавага маніторынгу і Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю спынілі дзейнасць адной з буйных злачынных груп. Крымінальная схема, якую выбралі аферысты, здзіўляла сваім размахам - у ценявых махінацыях удзельнічалі дзясяткі людзей. Дакладнае размеркаванне роляў, юрысты-інтэлектуалы і выбудаваная іерархія - усё гэта прыносіла нечуваныя прыбыткі. За час свайго існавання, а гэта каля 4 гадоў, злачынцы змаглі адмыць больш за 350 мільярдаў рублёў.

Пра тых, хто добра жыў на брудныя грошы, сюжэт Аляксандра Савенкі.

Басейн, мармур і футра. Такое жыццё з глянцам аргнізавалі сабе прадпрымальнікі з Мінска. Чацвёра арганізатараў і актыўных удзельнікаў злачыннай групы былі затрыманыя практычна адначасова. Пытанняў, чаму наручнікі зашчапіліся на іх руках, не было. Фінансавая разведка даўно вяла назіранне за аферыстамі.

Вячаслаў Рэут, дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу КДК Беларусі: "Асновай для такога расследавання паслужылі паведамленні асоб, якія ажыццяўлялі фінансавыя аперацыі. Г. зн. нашы банкаўскія структуры. На падставе гэтага аналізу спецыялістамі ДФМ быў выяўлены шэраг фірм, якія пераводзілі грошы за мяжу. У той жа час дэкларавалі ўвоз з Расійскай Федэрацыі такіх рэчаў, як медыцынскае абсталяванне, прадукты харчавання".

Схема, якую выкарысталі аферысты, не новая і не ўнікальная. Праз падстаўныя фірмы-аднадзёнкі пераводзілі ў наяўныя грошы айчынных арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Прасцей кажучы, гэтакая дапамога ва ўхіленні ад падаткаў. Адмывалі валюту праз прыбалтыйскія банкі, адтуль яна накіроўвалася на рахункі англійскіх, новазеландскіх і расійскіх кампаній. Варта адзначыць, што ўвесь крымінальны ланцужок адсочвалі прафесійныя юрысты і фінансісты. У кожнага былі свае ролі. Адны адказвалі за рэгістрацыю лжэструктур, другія за афармленне дакументаў.

Былі і тыя, хто адказваў за бяспеку. Колькі легальных камерсантаў скарысталіся паслугамі злачыннай групоўкі, усе яшчэ высвятляецца. Аднак за чатыры гады працы, паводле папярэдніх звестак, аферысты паспелі разбагацець больш чым на 350 мільярдаў рублёў. Дарэчы, з кліентамі ўжо працуе фінансавая міліцыя.

Юрый Кардымон, намеснік начальніка аддзела ДФР КДК Беларусі: "ДФР была ўзбуджана крымінальная справа за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і дзве крымінальныя справы ў дачыненні да службовых асоб суб'ектаў гаспадарання рэальнага сектара эканомікі, якія ўхіляліся ад выплаты падаткаў з дапамогай гэтых ілжэпрадпрымальніцкіх структур".

Больш за 80 вобыскаў, падчас якіх канфіскавана амаль 200 тысяч долараў, ліпавыя пячаткі, камп'ютарная тэхніка і дакументы - усё гэта зараз падлягае дэталёваму аналізу праваахоўнікаў. Арыштаваныя банкаўскія рахункі, на якіх больш за 4 мільярды рублёў. Пад арыштам і маёмасць аферыстаў - дарагія машыны, кватэры, катэдж, ювелірка. Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, гэтае багацце цягне больш чым на 2 мільёны долараў.

Нядзіўна, але калі машына крымінальнага працэсу набрала абароты, выявіліся і дадатковыя факты парушэння закона. Так, службовыя асобы беларускіх суб'ектаў гаспадарання, якія скарысталіся паслугамі лжэпрадпрымальнікаў, самі здаліся праваахоўнікам. Усяго 12 явак з пакаяннем на сённяшні дзень. Іх інфармацыя правяраецца. Вядзецца папярэдняе следства.