КДБ Беларусі спыненая дзейнасць найбуйнейшай у краіне злачыннай групы

29 июня 2015

КДБ Беларусі спыненая дзейнасць найбуйнейшай у краіне арганізаванай злачыннай групы, якая працавала ў сферы міжнародных электронных аплатных сістэм. Аферысты займаліся незаконнай канвертацыяй і вывадам грошай у наяўны абарот. Паводле інфармацыі Камітэта дзяржбяспекі, IT-жулікі працавалі з дапамогай некалькіх каналаў лічбавай сувязі і стварылі сваю заблытаную схему міжнародных аплатных сістэм. Усяго ж незаконны абарот па электронных кашальках, створаны злачыннай групай, склаў больш як 54 мільярды рублёў.

Дзмітрый Пабяржын, начальнік прэс-службы КДБ: "У выніку правядзення неадкладных следчых дзеянняў задакументавана каля 300 эпізодаў злачыннай дзейнасці затрыманых. Ідэнтыфікавана больш як 50 кліентаў злачыннай групы. Выяўлена і канфіскавана спецыяльнае электроннае абсталяванне, якое выкарыстоўвалася для прыёму плацяжоў і размеркавання фінансавых патокаў, пластыкавыя карты беларускіх і замежных банкаў, наяўныя грашовыя сродкі, наркатычныя рэчывы".

Зараз у дачыненні арганізатараў злачыннай групы ўзбуджана крымінальная справа па 3 частцы 233 артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі. За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, учыненую групай асоб, падазроным можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Матэрыялы для расследавання перададзеныя ў Следчы камітэт.