Да 11 гадоў пазбаўлення волі прыгаварылі былога дырэктара прадпрыемства "Інстытут "Белчыгункапраект"

21 марта 2016

Вердыкт прагучаў сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска. З 1995 года кампаніяй кіраваў Мікалай Нікіцюк. Кіраўніка палічылі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў атрыманні хабараў, у тым ліку і ў асабліва буйным памеры. Паводле звестак следства, на працягу двух гадоў - з 2012 па 2014 - дырэктар прадпрыемства даручаў падначаленым заключаць загадзя нявыгадныя кантракты на аказанне транспартных паслуг і дагаворы пастаўкі металапрадукцыі. За такія здзелкі топ-менеджар атрымліваў адкаты.

Адбываць пакаранне былы кіраўнік праектнага інстытута будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Згодна з прысудам, маёмасць будзе канфіскаваная. Акрамя таго, ён павінен выплаціць у даход дзяржавы больш чым 3 мільярды рублёў . Тым не менш, прысуд яшчэ не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны на працягу дзесяці дзён.