З-за галалёду ў Брэсце сёння адбылося больш як 40 ДТЗ

3 декабря 2018

Дождж, мокры снег, галалёд і да плюс 6 - складаныя ўмовы надвор’я чакаюць беларусаў на гэтым тыдні. З-за дажджу пры тэмпературы паветра ніжэй за нуль у каток сёння раніцай ператварыліся вуліцы Брэста. Праезная частка і тратуары пакрыліся скарынкай лёду. З-за галалёду ў горадзе адбылося больш як 40 ДТЗ. Большасць - на выездах з прылеглых тэрыторый, у дварах і на паркоўках. Пацярпелі з раніцы і пешаходы - галалёдныя траўмы атрымалі 77 чалавек.

Алена Квітко, пацярпелая: "Сапраўды, вельмі слізка. І на здзіўленне, горад не гатовы. Нідзе не пасыпана. Дарогі раз’ездзілі. І, натуральна, людзей вельмі шмат. Мяне яшчэ абурыла тое, што я прыйшла ў сваю раённую паліклініку, мне сказалі: "Не, толькі траўмапункт". На адзін траўмапункт у Брэсце такая нагрузка. Па-першае, людзі пакутуюць. Мне, напрыклад, балюча і крыўдна".

У складаных умовах надвор’я ДАІ рэкамендуе вадзіцелям і пешаходам праяўляць павышаную ўважлівасць і асцярожнасць. Пры гэтым інспектары адзначаюць, што бестурботныя вадзіцелі да гэтага часу не змянілі летнюю гуму на зімовую. Такім чынам, толькі ў першы зімовы дзень у Беларусі адбылося 422 ДТЗ - гэта ў паўтара раза больш, чым звычайна. Амаль палова з іх - у Мінску. У 9 аварыях загінулі 2 чалавекі і 9 атрымалі траўмы. Асноўная прычына ДТЗ - незахаванне дыстанцыі.