Іван Наскевіч: У якасці асноўнай разглядаецца версія аб няякасных феерверачных вырабах

4 июля 2019

Следчым камітэтам заведзена крымінальная справа па факце выбухаў феерверачных вырабаў у Мінску. Надзвычайнае здарэнне адбылося ўчора. Паводле звестак следства, 3 ліпеня падчас правядзення святочнага салюта адбыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай разрываў сталі няякасныя боепрыпасы расійскага паходжання.

Іван Наскевіч, старшыня Следчага камітэта Беларусі: "Галоўным следчым упраўленнем па факце здарэння заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 463 ("Парушэнне правіл абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных") Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Выпадак выключны, раней такіх сітуацый не фіксавалася. У якасці асноўнай разглядаецца версія аб тым, што феерверачныя вырабы былі няякаснымі. Феерверачныя вырабы, якія выкарыстоўваліся ў гэты дзень, расійскай вытворчасці. Устаноўлена, што выкарыстоўваліся марціры трох калібраў - 105, 195 і 310 мм. Няштатная сітуацыя ўзнікла з марцірамі калібра 195. Перыметр бяспекі быў вызначаны для штатнай сітуацыі. Здарэнне выходзіла за рамкі такіх сітуацый, усе раненні грамадзянам былі нанесеныя за межамі вызначанага перыметра, пралічыць разлёт у выпадку ўзнікнення няштатнай сітуацыі амаль немагчыма. Прызначаныя экспертныя даследаванні. Расследаванне працягваецца".

У выніку здарэння салютныя ўсталёўкі разбураныя, некалькі чалавек атрымалі траўмы. Медыкамі была пададзена аператыўная дапамога. Але, на жаль, адну жанчыну выратаваць не атрымалася, яна памерла на месцы здарэння.