Гараць лясы. У кірунку аўтадарогі Р-42 Гродна - Гожа - мяжа Літвы спынены рух аўтамабіляў

24 апреля 2019

Тэрміновыя навіны ў гэтыя хвіліны прыходзяць з беларуска-літоўскай мяжы. У раёне населенага пункта Крынічная Гродзенскага раёна гараць лясы, у сувязі з чым у кірунку аўтадарогі Р-42 Гродна - Гожа - мяжа Літвы спынены рух аўтамабіляў. З-за пажаранебяспечнай сітуацыі часова спынена і афармленне машын у пункце пропуску "Прывалка" ў абодвух кірунках. Больш за 100 ратавальнікаў, а таксама супрацоўнікаў пагранвойск, міліцыі і лясгаса ліквідуюць узгаранне ў лесе. Паводле апошняй інфармацыі, каля 200 грузавых машын, якія чакаюць выезду з Беларусі, дзеля бяспекі перамешчаны непасрэдна да пункта пропуску. Па ўзгадненні з літоўскім бокам яны будуць аформлены і прапушчаны цераз мяжу на сумежную тэрыторыю. Аб аднаўленні працы пункта пропуску "Прывалка" будзе паведамлена дадаткова. У трох населеных пунктах - вёсках Прывалка, Плябанішкі і Чарнуха - створаны пажарныя пасты для маніторынгу сітуацыі і недапушчэння распаўсюджвання агню.