Гарачыя выхадныя - для экстранных службаў

5 марта 2018

У Беларусі ліквідуюць наступствы моцнага цыклона. Самыя вялікія праблемы ён прынёс на паўднёвы ўсход краіны. Снегапады засыпалі шматлікія дарогі ў Гомельскай вобласці. Напярэдадні вечарам апынуўся заблакіраваны рэйсавы аўтобус з 26 пасажырамі. У Лоеўскі раён выехалі ратавальнікі і пры дапамозе троса выцягнулі транспарт. Абышлося без пацярпелых.

Аналагічная сітуацыя і ў Буда-Кашалёўскім раёне. Каля 11 вечара прыйшлося буксіраваць машыну хуткай дапамогі. Добра, яна вярталася з выезду на базу без пацыента.

Усяго ж за ўікенд ратавальнікі Гомельскай вобласці правялі два дзясяткі такіх спецаперацый. У асноўным у снежную пастку траплялі рэйсавыя аўтобусы, грузавікі і транспарт газавай службы. Дзякуючы зладжанай працы МНС, змерзнуць ніхто не паспеў.