Феміда вынесла строгі прысуд па справе "Легал-Мінск"

13 Снежня 2016

218 замест двухсот дваццаці. Феміда практычна цалкам падтрымала бок абвінавачання і вынесла строгі прысуд па справе "Легал-Мінск". Заснавальнік інтэрнэт-магазіна па продажы спайсаў Канстанцін Вілюга атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яго найбліжэйшае асяроддзе крыху менш - 18 і 17 гадоў зняволення. Былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў - па 14 і 15 гадоў. Нагадаем, гэта была самая гучная ў гісторыі краіны крымінальная справа па наркагандлі. Вілюга і яго аднадумцы прадавалі псіхатропы пад выглядам курыльных сумесяў і міксаў. Сістэма функцыянавала на працягу трох гадоў і спыніла існаванне ў 2014 годзе пасля затрымання заснавальніка. Прысуд наркасідыкату заслухаў Юрый Шаўчук.

У будынак суда Маскоўскага раёна, куды спецыяльна быў перанесены працэс, з-за гэтай вялікай залы, прыйшлі дзясяткі чалавек. Родныя падсудных, адвакаты, журналісты - усе жадалі пачуць, чым скончыцца справа самага буйнога наркасіндыкату за ўсю гісторыю Беларусі. Месяц назад фігуранты выступілі з апошнім словам. Тады пракурор Алег Буйлянкоў прасіў прызначыць абвінавачваным тэрміны ад 2 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Галоўнага фігуранта Канстанціна Вілюгу вінавацілі ў стварэнні і кіраўніцтве міжнароднай злачыннай арганізацыі. Лічыцца, што сіндыкат займаўся абаротам псіхатропных рэчываў і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю са студзеня 2011 па лістапад 2014-га. Таксама Вілюгу абвінавачвалі ў тым, што ён уцягнуў у свой злачынны бізнес ужо былых праваахоўнікаў Канстанціна Дзенісевіча з МУС, а таксама Дзмітрыя Вераценскага і Ігара Карыцкага з КДБ. Задача гэтых людзей заключалася ў тым, каб дапамагаць “Легал-Мінску” абыходзіць закон. Яны паведамлялі Вялюзе спіс забароненых наркатычных рэчываў, каб наркадылеры здымалі іх з продажу. Пасля гэтага непатрэбны тавар, як правіла, збываўся канкурэнтам. Былых супрацоўнікаў таксама прызналі вінаватымі і прызначылі пакаранне ў выглядзе 14-ці і 15-ці гадоў пазбаўлення волі.

Інтэрнэт-магазін па продажы псіхатропаў пад выглядам курыльных сумесяў і міксаў працаваў тры гады. Дылеры дбайна канспіраваліся - планавалі не толькі спосабы транспарціроўкі, але і арганізацыю бяспекі. Толькі па самых сціплых падліках, схема прынесла ўдзельнікам наркасіндыкату 1 мільён 700 тысяч долараў - гандаль вёўся як у Беларусі, так і ў Расіі.

Дзяржабвінаваўца запрасіў для абвінавачваных 220 гадоў пазбаўлення волі на ўсіх, і варта сказаць, што пракурор і суд апынуліся амаль салідарныя. Крыху менш, чым прасіла абвінавачанне, атрымалі толькі дзяўчыны Церагера і Семяняка. Амаль усе абвінавачваныя будуць адбываць пакаранне ў калоніях узмоцненага або строгага рэжыму. 18-га фігуранта гэтай крымінальнай справы па-ранейшаму адшуквае міліцыя.

218 гадоў на 17 чалавек. Пакуль гэты строгі прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу. На тое, каб абскардзіць яго, і ў абвінавачвання, і ў абароны будзе роўна 10 сутак, пасля таго, як прадстаўнікі бакоў атрымаюць копію пастановы суда на рукі.