Экзатычная кантрабанда ў цягніку Калінінград - Масква

21 ноября 2017

Супрацоўнікі Гродзенскай мытні знялі з цягніка Калінінград - Масква каробку з двума белагорлымі варанамі. Яны лічацца самымі вялікімі яшчаркамі ў Афрыцы. І вельмі дарагімі - цана адной такой рэптыліі - звыш тысячы долараў. Хто перавозіў варанаў - невядома. Яшчарак схавалі ў невялікім кантэйнеры ў абагравальным адсеку. Жывёлы знаходзіліся ў анабіёзе. Зараз вараны - у тэрарыуме Гродзенскага заапарка.

Юлія Раманюк, афіцыйны прадстаўнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні:

"Падчас мытнага і памежнага кантролю супрацоўнікі зайшлі ў кацельню з боку рабочага тамбура і выявілі там сумку. Як сказала правадніца цягніка, яна не ведае, адкуль сумка ўзялася ў гэтым месцы. Цеплалюбныя жывёлы перамяшчаліся ў кантэйнеры, змешчаным у сумку, і знаходзіліся ў стане анабіёзу".

Ідзе адміністрацыйны працэс. Вараны ж пакуль - на каранціне. У адкрытых калекцыях такіх асобін у Беларусі няма, і зараз у наведвальнікаў ёсць унікальная магчымасць убачыць гэтых рэптылій.