Эксклюзіўны тавар затрыманы ў пункце пропуску "Дамачава "

27 апреля 2016

Эксклюзіўны тавар затрыманы ў пункце пропуску "Дамачава" - гэта 200 курыльных трубак, розных памераў і мадэляў. Частка з іх - вытворчасці вядомай ірландскай тытунёвай кампаніі "Петэрсан". Некаторыя - італьянскія, ручной работы, кожная з іх - сапраўдны твор мастацтва. Кантрабанда выяўлена пагранічнікамі падчас афармлення на "зялёным канале" двух грамадзян Расіі і Украіны, якія ехалі з Польшчы ў Беларусь.

Аляксандр Кіслоў, начальнік прэс-службы брэсцкай памежнай групы: "Было ініцыявана накіраваць гэтых грамадзян на аўтамабілі ў бокс для правядзення спецыяльнага надгляду. У выніку якога сумесна з супрацоўнікамі Брэсцкай мытні ў канструктыўных асаблівасцях багажнага аддзялення транспартнага сродку было знойдзена 200 курыльных трубак. На сённяшні дзень сума папярэдняй ацэнкі канфіскаванага тавара склала больш за 70 млн беларускіх рублёў".

Брэсцкай мытняй пачаты адміністрацыйны працэс. Курыльныя трубкі канфіскаваныя да рашэння суда.