"Экалайнс" высвятляе прычыны, якія прывялі да ДТЗ ва Украіне

23 июля 2018

Кампанія-перавозчык "Экалайнс" высвятляе прычыны, якія прывялі да ДТЗ ва Украіне з беларускімі турыстамі.

Каля шасці раніцы, за 135 км ад Кіева, аўтобус апынуўся ў кювеце. Гэта быў рэгулярны міжнародны рэйс па маршруце Мінск - Бабруйск - Мазыр - Кіеў - Адэса. Паводле адной з версій, вадзіцель заснуў за рулём. Гэта пацвярджаюць і відавочцы аварыі.

Як распавёў нашаму агенцтву яе дырэктар Павел Куцэнка, пацярпелыя прадоўжылі шлях - ім далі новы аўтобус.

Павел Куцэнка, дырэктар кампаніі-перавозчыка: "Зараз мы не можам пракаменціраваць па якой прычыне, мы будзем праводзіць службовае расследаванне - вадзіцель вопытны, 14 гадоў працуе. Добра, што машына засталася стаяць на колах, ніхто не пацярпеў. Былі неадкладна выкліканыя ўсе кампетэнтныя службы - МНС і хуткая. Ні ў аднаго з пасажыраў не выяўлена ні траўм, ні скарг, гэта зафіксавана ў службе хуткай дапамогі".

Адзначым, у аўтобусе знаходзілася 47 пасажыраў, у тым ліку 20 дзяцей - прадстаўнікі футбольнай каманды - 7-8-мі гадоў і тры члены экіпажа.