24 марта 2016

У Бярэзінскім раёне школьнікі падарваліся на снарадзе, меркавана, Другой сусветнай вайны. Двое хлопчыкаў 8-мі і 7-мі гадоў загінулі. Яшчэ адно дзіця 10 гадоў зараз знаходзіцца ў бальніцы. Як высветлілася, дзеці гулялі на ўзараным полі, дзе знайшлі боепрыпас і вырашылі з ім пагуляць. У выніку адбыўся выбух. Знайсці целы школьнікаў удалося каля трох гадзін раніцы. Нам удалося пагутарыць з хлопчыкам, які выжыў, і бацькамі загінуўшых дзяцей. Чаму водгалас 1944-га прыводзіь да трагічных наступстваў у 2016-м? З месца падзей рэпартаж нашага карэспандэнта Аляксандра Хараўца.

"Мы пайшлі пагулялі ў футбол, там Вася ўзяў мячык і пабег. Я за ім, ён ішоў і ўбачыў патрон такі. Узяў яго і гаворыць: "На метал здам". Ідзе і ў зямлю тыркае яго".

Чаму дзеці пайшлі гуляць на поле, і дзе менавіта знайшлі выбуховае прыстасаванне, Ваня адказаць не можа. Ды і тое, што адбылася трагедыя, 10-гадовы хлопчык яшчэ не да канца разумее.

Ваня Калбаска, пацярпелы: "Ён падарваўся, я ўпаў, можа 2 хвіліны паляжаў. У Васі быў твар белы-белы, а ў Сашы з рота пена была. Я спалохаўся і дадому пайшоў. Потым ужо не ведаю, што было".

Пра здарэнне бацькам хлопчык нічога не сказаў. На пытанне мамы, чаму кульгае і ўвесь у гразі, школьнік адказаў, што ўпаў з веласіпеда. Са слоў бацькоў, хлопчык сам перабінтаваў нагу. Пазней старэйшая дачка распавяла маці, што брат скардзіцца на моцны боль.

Шукаць двух іншых школьнікаў бацькі сталі толькі з наступленнем цемры. Паводле слоў бацькі аднаго з загінуўшых хлопчыкаў, дзеці заўсёды гулялі недалёка ад дома.

Ужо ў бальніцы Ваня распавёў, што адбылося насамрэч. Яго сяброў шукалі ўсёй вёскай. Людзям дапамагалі міліцыянеры. Пошукі скончыліся ў раёне трох ночы.

Трагедыя здарылася вось на гэтым месцы, прыблізна за 400 метраў ад вёскі. Са слоў мясцовых жыхароў, школьнікі гулялі вось на гэтым полі, якое нядаўна перааралі, і знайшлі, меркавана, снарад часоў Другой сусветнай вайны. Далей яны пачалі з ім разбірацца і стукнулі вось аб гэты камень. У наступнае імгненне выбуховае прыстасаванне здэтанавала.

Выбуху, паводле слоў мясцовых жыхароў, ніхто ў вёсцы не чуў. Людзі гавораць, што падчас вайны лінія фронту тут не праходзіла. Таму трагедыя стала для іх сапраўдным шокам.

Жыцці і здароўю Вані зараз нічога не пагражае. У бальніцу хлопчык паступіў з ірванымі ранамі нагі і ў шокавым стане. Знаходзіцца пад назіраннем урачоў.

Тамара Чахоўская, намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай цэнтральнай бальніцы: "Дзіця стабільнае - стан здавальняючы. Пракансультавана дзіця траўматолагам дзіцячай абласной клінічнай бальніцы. Зараз працуе псіхолаг з ім".

Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі: "Зараз знаходзіцца перасовачная крыміналістычная лабараторыя і следчыя. Працуе следчае ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь".

Па факце трагедыі ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле "Прычыненне смерці па неасцярожнасці двум і больш асобам", якое знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніцтва Следчага камітэта.