Двух чорных рыелтараў з Магілёва прысудзілі да смяротнага пакарання

21 июля 2017

Слуханні рэзананснай справы прайшлі сёння ў Магілёўскім абласным судзе. На лаўцы падсудных чацвёра - шлюбная пара Таццяна і Ігар Гершанковы, Сямён Беражной і Барыс Калеснікаў. Іх абвінавачваюць па цэлым шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і забойствах з асобай жорсткасцю. Паводле дадзеных следства, зламыснікі дзейнічалі ў 2009-2015 гадах. Яны пераконвалі ўласнікаў кватэр прадаць маёмасць, а пасля гэтага забівалі іх. На могілках у Магілёўскай вобласці было знойдзена шэсць пахаванняў і яшчэ тры ямы, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Некаторых, як прагучала падчас судовага пасяджэння, закопвалі жывымі: чалавек у гэты час спаў пад уздзеяннем гарэлкі і клафеліну.

Юрый Шарстнёў, дзяржабвінаваўца:

"Абвінавачанымі быў створаны канвеер смерці, які існаваў на працягу некалькіх гадоў з выразным размеркаваннем функцыі ролі кожнага ўдзельніка злачыннай групы. Па адных эпізодах устаноўлена, што абвінавачаныя займаліся падрыхтоўкай і пошукам чарговых ахвяраў, у гэты ж час па іншых эпізодах учыняліся цынічныя нялюдскія дзеянні, звязаныя з падрыхтоўкай месцаў пахавання".

Дзяржабвінавачанне запытала для Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога выключную меру пакарання - смяротную кару. Для Таццяны Гершанковай - 24 гады турмы, для Барыса Калеснікава - 22 гады строгага рэжыму. У апошнім слове кожны з фігурантаў настойваў на тым, што нікога не забіваў. Суд цалкам падтрымаў абвінавачанне. Маёмасць ва ўсіх фігурантаў будзе канфіскаваная. Прысуд суда ў законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны. Вялікі рэпартаж з каментарыямі сваякоў - увечары ў "Панараме".