Дваім гамяльчанам, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне, прад'явілі абвінавачанні ў махлярстве

26 июля 2016

Сёння Агенцтву тэленавін паведамілі ў МУС, што дваім гамяльчанам, якія ў гэтыя дні знаходзяцца ва Украіне ў складзе палка нацгвардыі "Азоў", завочна прад'явілі абвінавачанні ў махлярстве. Супрацоўнікі ГУБАЗ маюць інфармацыю, што больш за тры з паловай тысячы рублёў, атрыманых незаконным шляхам, былі неабходныя беларусам для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Паводле матэрыялаў справы, мужчыны, адзін з якіх неаднаразова судзімы, з лютага па чэрвень 2014 года пад маркай вырабу мэблі бралі грошы ў кліентаў, а затым знікалі. Акрамя таго, у МУС ёсць бясспрэчныя звесткі пра іх удзел у ваенных канфліктах іншай краіны, а гэта ўжо іншы артыкул Крымінальнага кодэкса.

Паводле інфармацыі ГУБАЗ, падазроныя і раней не хавалі неанацысцкіх поглядаў і з'яўляюцца актывістамі Skinheads. У рамках крымінальнай справы матэрыялы аб вышуку беларусаў, якіх падазраюць у махлярстве, будуць перададзеныя ўкраінскаму боку.