Два беларусы і расіянін загінулі ў аварыі ў Польшчы

25 февраля 2017

Трагічная навіна прыйшла сёння і з Польшчы. Два беларусы і расіянін загінулі ў аварыі на паўночным усходзе краіны. ДТЗ адбылося раніцай на трасе Варшава - Беласток. У момант аварыі ў салоне пацярпелага аўтамабіля Peugeot з беларускімі нумарамі знаходзіліся чатыры чалавекі. Яшчэ адзін пасажыр (таксама грамадзянін нашай краіны) быў паранены. Яго на верталёце адправілі ў шпіталь у горад Вышкаў. Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў аўтакатастрофы мы звязаліся з прэс-сакратаром Міністэрства замежных спраў нашай краіны. Як паведаміў Дзмітрый Мірончык, стан пацярпелага ўрачы ацэньваюць як цяжкі. Вось што расказалі пра тое, што здарылася, прадстаўнікі польскай паліцыі.

Мажэна Лачкоўска, прадстаўнік паліцыі г. Оструў-Мазавецка (Польшча): 

"Як паказала папярэдняе расследаванне, было пашкоджана пярэдняе левае кола грузавіка, у выніку чаго вадзіцель страціў кантроль над транспартным сродкам. Ён выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з двума легкавымі аўтамабілямі. Гэта адбылося каля 9-ці раніцы на трасе нумар 8 у мястэчку Дыбкі, што знаходзіцца паміж гарадамі Вышкаў і Оструў-Мазавецка. Адбылося ДТЗ з удзелам трох аўтамабіляў. Сярод іх дзве легкавыя машыны - Peugeot і Opel".

Паводле папярэдняй інфармацыі, за рулём грузавіка знаходзіўся грамадзянін Латвіі. Тры пасажыры другога легкавога аўтамабіля, які трапіў у ДТЗ - Opel, цяжка параненыя і шпіталізаваныя. Трасу часова закрылі для праезду. Консульскі аддзел нашага пасольства ў Польшчы зараз займаецца ўсімі пытаннямі, якія могуць узнікнуць у сувязі са здарэннем.