Біялагічны "пажар". Менавіта так леснікі называюць шкоду, якую дрэвам наносяць жукі-караеды. Насякомыя не пакідаюць дрэвам ніводнага шанцу на выжыванне. Успышкі актыўнасці гэтых шкоднікаў у апошні час фіксуюць у паўднёвых раёнах: Любанскім, Старадарожскім, Капыльскім і Слуцкім. На барацьбу з жукамі мабілізаваны тысячы чалавек і сотні адзінак тэхнікі. Аляксандр Харавец аб захаванні лёгкіх Еўропы.
Нават у самы пажаранебяспечны перыяд такой гібелі лясоў у цэнтральным рэгіёне не прыпомняць. Летась па вобласці прайшоўся ўраган, які знішчыў сотні гектараў насаджэнняў. Сёлета дрэвы атакуюць калоніі жукоў-караедаў.
Прычына імклівай гібелі лесу - ствалавыя шкоднікі. Вяршынны і шасцізубчаты караеды працуюць у тандэме: адны знішчаюць ніжнюю частку ствала, другія - верхавіну дрэва. Вынік такога тандэма - стапрацэнтная гібель хвоі. І сёлета ў цэнтральным рэгіёне ўжо захварэлі дрэвы на плошчы ў 12 з паловай тысяч гектараў.
Сёння на ўборку хворых лясоў сцягнуты ўсе сілы. У тым ліку і з паўночных раёнаў цэнтральнага рэгіёна. І калі брыгады лесарубаў нарыхтоўваюць пашкоджаную драўніну толькі ўдзень, то вось магутныя харвестары працуюць 24 гадзіны за суткі.
Алег Гарбачоў расказвае: пакуль напарнік адпачывае, ён нарыхтоўвае драўніну. За змену атрымліваецца ад 150 да 200 кубоў. Аператар падкрэслівае: пакуль апошняе хворае дрэва не прыбяруць, дзялянку не пакіне.
Для таго каб спыніць рост ачагоў, заражаны лес трэба не толькі аператыўна высякаць і вывозіць, але і канчаткова спальваць драўняныя рэшткі. І каб хутчэй пазбавіцца ад хворага лесу, прыцягваюць нават мясцовых жыхароў. Цяпер нарыхтаваць дровы на зіму можна прама на лесасецы. Без лішняй бюракратычнай затрымкі.
Не ўся драўніна адпраўляецца на дровы. Лепшая частка ідзе на лесапілкі і адтуль на экспарт. Наладжаныя пастаўкі ў Польшчу і прыбалтыйскія краіны.
Спецыялісты канстатуюць: санацыю лясоў правядуць да пачатку зімы. А з надыходам халадоў жукі-караеды павінны адступіць. А замест кожнай хворай хвоі вясной высадзяць мінімум тры новыя. Пасадачнага матэрыялу для гэтага дастаткова.













