Надзвычайнае здарэнне ў Віцебскай вобласці

5 апреля 2017

Надзвычайнае здарэнне ў Віцебскай вобласці. Сёння раніцай тут адбылася аварыя з удзелам школьнага аўтобуса і маршрутнага таксі. Мікрааўтобус з дзевяццю пасажырамі ад удару перакуліўся, пацярпелі 4 чалавекі. Яны дастаўленыя ў бальніцу. У школьным аўтобусе знаходзіліся 15 дзяцей. На шчасце, з іх ніхто не пацярпеў. На месца аварыі выехала наша здымачная група. Вольга Маслоўская падрабязна.

Урокі ў Ржаўскай школе па раскладзе. Толькі 14 вучняў ад заняткаў сёння вызвалены. З імі і яшчэ адным малым - выхаванцам дзіцячага садка - працуе псіхолаг. Раніцай на школьным аўтобусе дзеці трапілі ў аварыю.

Вольга Качан, намеснік дырэктара Ржаўскай дзіцячага садка - сярэдняй школы: "Вучні былі з 1-га па 11-ы класы. Кожны па-рознаму перажыў гэта. Агледзелі медыкі, усё нармальна".

Дзяцей з невялікіх вёсак жоўты ПАЗ кожную раніцу падвозіць у школу і назад. Маршрут стандартны. Але сёння дарога да ведаў аказалася небяспечнай. У 7:45 аўтобус з другараднай дарогі выехаў на скрыжаванне і, не саступіўшы шлях маршрутнаму таксі, сутыкнуўся з ім.

Ад удару "газель" перакулілася і легла на бок. Дзверы аказаліся заблакіраваныя. Пасажыры выбіраліся праз пабітыя вокны і люк.

Мікрааўтобус накіроўваўся з горада Чашнікі ў Віцебск. Па заяўцы аблваенкамата ён павінен быў даставіць прызыўнікоў у абласны цэнтр.

Людміла Абрамава, інжынер па ахове працы і бяспецы руху філіяла АТП № 9 г. Чашнікі ААТ "Віцебскаблаўтатранс": "Мы падалі аўтобус да 7 гадзін раніцы. Вадзіцель прайшоў перадрэйсавы агляд, Тэхнічны сродак быў спраўны".

Усіх пасажыраў маршруткі даставілі ў Бешанковіцкую бальніцу. Пяцярых з нязначнымі траўмамі адпусцілі дахаты. Пад назіраннем урачоў застаюцца 4 чалавекі. Дзмітрый Петрушэнка момант аварыі не памятае, ён спаў. Прачнуўся ўжо на дарозе. Гаворыць, нарадзіўся ў кашулі, бо ўдар аўтобуса прыпаў на яго бок.

На месцы аварыі працавалі следчыя і эксперты. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка. Спецыялістам трэба будзе аднавіць поўную карціну здарэння. Ужо вядома, што вадзіцелі на момант аварыі былі цвярозымі.