Надзвычайнае здарэнне ў Шклоўскім раёне

26 октября 2015

Два чалавекі пацярпелі ў выніку выбуху ў кацельні малочна-таварнага комплексу. Зараз яны знаходзяцца ў рэанімацыі. Стан іх здароўя ацэньваецца як цяжкі. У пацярпелых апёкі 10 і 20 % цела. Сам будынак застаўся без ацяплення. У раёне працуе камісія па расследаванні. З месца здарэння рэпартаж Андрэя Ястрабава.

Кацельню малочна-таварнага комплексу ў вёсцы Дабрэйка зараз не пазнаць - тоны жалезабетону і металаканструкцый.

Надзвычайнае здарэнне адбылося раніцай, калі ўсе работнікі комплексу ўжо былі на сваіх месцах. Апальшчык пачаў тапіць кацельню і праз некалькі гадзін яе літаральна разарвала.

Для малочна-таварнага комплексу выбух стаў сапраўдным энергетычным калапсам. Гэта кацельня ацяпляла ўсе асноўныя будынкі фермы. Зараз тут няма не толькі гарачай вады. У выніку здарэння пацярпелі людзі.

Апальшчык і вартаўнік, якія ў момант выбуху знаходзіліся ў кацельні, былі дастаўлены ў рэанімацыю раённай бальніцы. Вось ужо суткі іх стан застаецца цяжкім.

Уладзімір Козел, загадчык рэанімацыйнага аддзялення Шклоўскай раённай бальніцы: "Тэрмічныя апёкі галавы, верхніх і ніжніх канечнасцяў. Плошча апёкаў адпаведна 10 і 20 %. Пры паступленні стан цяжкі. Аказана ўся неабходная медыцынская дапамога".

Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы ўжо пачаў расследаванне здарэння. Паводле папярэдняй інфармацыі, апальшчык проста не адкрыў вентыль з вадой і сістэма перагрэлася. Праўда, у інспектараў з'явіліся пытанні і па працы самога абсталявання кацельні. Засцерагальны клапан павінен быў спрацаваць, выпусціць пар і стабілізаваць ціск. Гэтага не адбылося.

Сяргей Жыгуноў, начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы: "Расследаванне праводзіцца некалькімі інстанцыямі з удзелам прадстаўнікоў, вядома, інспекцыі працы, але і энерганагляду і дзяржпрамнагляду. Будуць высвятляцца ўсе акалічнасці гэтага выпадку, прычыны, чаму гэта адбылося. Вызначацца асобы, вінаватыя ў гэтым выпадку".

Кіраўніцтва СВК ужо пачало вырашаць праблему з ацяпленнем на ферме. Як запэўнілі спецыялісты, цяпло тут будзе ўжо ў найбліжэйшыя дні. У экстранным парадку набываюць ацяпляльнае абсталяванне.

Праца самога малочна-таварнага комплексу не спынена. Усе працуюць у звычайным рэжыме. Толькі на месцы здарэння працягваюць разбіраць завалы.