Больш як суткі ў Беларусі ідуць моцныя снегапады. Такое надвор'е паўплывала і на дарожную сітуацыю

3 марта 2018

Вясна пакуль не гатовая ўступіць у законныя правы. Ужо больш як суткі ў Беларусі ідуць моцныя снегапады, а слупкі тэрмометраў паказваюць стабільны мінус. Некаторыя рэгіёны нашай краіны апынуліся ва ўладзе снежнага цыклона. У асобных раёнах усяго за дзень выпала больш за палову дэкаднай нормы ападкаў. Такое надвор'е паўплывала і на дарожную сітуацыю - на трасах павялічылася колькасць дробных аварый. На барацьбу з наступствамі стыхіі па ўсёй краіне накіравалі тысячы адзінак спецыяльнай тэхнікі. Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць дарожнікі. Ратавальнікі і праваахоўнікі. Працягне тэму Аляксандр Камовіч.

Сацыяльныя сеткі беларусаў сёння мільгаюць вясёлымі відэа снежных забаў. Камусьці, магчыма, не хапіла зімы, хтосьці чэрпае добры настрой у апошнія моманты адыходзячага сезона. Але, трэба сказаць, прыйшоўшаму цыклону ўзрадаваліся не ўсе. З-за вялікай колькасці снегу аўтааматарам прыйшлося правесці раніцу, чысцячы машыны, але самы вялікі пласт працы зараз ляжыць перад камунальнікамі.

Снежныя рэкорды на паўднёвым усходзе краіны. У Рэчыцы за мінулыя суткі выпалі паўтары дэкадныя нормы ападкаў. У Васілевічах, Гомелі, Мазыры і Брагіне - больш за палову дэкаднай нормы.

У Жыткавіцкім раёне на дарозе ў снезе захраснуў школьны аўтобус з дзецьмі. У ім знаходзіліся чацвёра школьнікаў сямі гадоў. З снежнага палону аўтобус вызвалялі ратавальнікі. Ніхто не пацярпеў.

Складаныя пагодныя ўмовы ў Гомельскім рэгіёне захоўваюцца і зараз. На трасах працуюць больш як 700 адзінак спецтэхнікі.

Наступствы снегападу ўхіляюць і ў Магілёве. Гэты рэгіён на метэакарце сёння таксама афарбаваны ў аранжавы колер. Таўшчыня снежнага покрыва там складае 33 сантыметры. Тэхніка прыбірае дарогі, камунальнікі з дапамогай пад'ёмнікаў чысцяць дахі ад снегу і ледзяшоў.

У кругласутачным рэжыме працуюць дарожнікі па ўсёй краіне. На трасы выйшлі больш як тысяча адзінак тэхнікі: размеркавальнікі пяску, трактары, аўтагрэйдары і пагрузчыкі. Для апрацоўкі дарог ужо зрасходавана 10 тысяч тон салянай сумесі.

Клопатаў хапае і ў сталіцы. Тут на ачыстку вуліц выйшлі сотні прыбіральшчыкаў. Працуюць 825 спецмашын. Улічваючы няпростыя ўмовы, кіроўцаў просяць не ствараць перашкод для працы снегапрыбіральнай тэхнікі і нагадваюць, што варта падбаць і аб сваім парковачным месцы. Не ўсе аўтааматары ведаюць, што расчышчаць тэрыторыю вакол сваіх машын абавязаныя яны самі.

Дарэчы, на дапамогу ва ўборцы вуліц камунальным службам прыйдзе і міліцыя, а таксама ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў. Ліквідаваць наступствы снегападу яны будуць да канца выхадных. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падкрэсліў, што забеспячэнне парадку - гэта агульная задача.

Моцныя снегапады паўплывалі і на дарожную сітуацыю. Днём у сталіцы назіраліся сур'ёзныя пробкі - да 7 балаў. А дробныя аварыі - як спадарожнік непагадзі - выпрабоўвалі нервы аўтамабілістаў. Так, на ўчастку МКАД у раёне вуліцы Кіжаватава некалькі гадзін быў абцяжараны рух. Там сутыкнуліся адразу тры аўтамабілі. Вадзіцель "пежо" не справіўся з кіраваннем. Ніхто не пацярпеў.

Цэлая чарада аварый на невялікім участку Віцебскай трасы. Літаральна на працягу 300 метраў - дзесяць ДТЗ, аб пацярпелых таксама не паведамляецца.

А ў Докшыцкім раёне сутыкнуліся дзве фуры на расійскіх і беларускіх нумарах. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін з кіроўцаў дапусціў занос і лоб у ілоб сутыкнуўся з сустрэчным грузавіком. Кіроўцаў даставілі ў бальніцу. Праводзіцца праверка.

У ДАІ нагадваюць, што галоўнае правіла ў такое надвор'е - гэта выконванне хуткаснага рэжыму. Падчас моцнага снегападу дарога ператвараецца ў каток, і затармазіць аператыўна не атрымаецца. Тармазны шлях павялічваецца ўдвая, таму сысці ад аварыі на высокіх хуткасцях практычна немагчыма.

Зараз дзейнічае спецплан "Надвор'е". Экіпажы ДАІ працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Інспектары дапамагаюць аўтамабілістам, якія трапілі ў бяду. У дарожнай міліцыі раяць выключыць у гэтыя дні далёкія паездкі, а на дарозе быць вельмі ўважлівымі.

Сіноптыкі не прагназуюць хуткі прыход сапраўднай вясны, самыя інтэнсіўныя снегапады чакаюцца па ўсходзе і паўднёвым усходзе краіны, пры гэтым захаваюцца маразы. Уначы ў нядзелю снегапад толькі ўзмоцніцца. Спецыялісты нагадваюць і аб адзіным нумары дарожных служб - 125. Любы кіроўца кругласутачна можа паведаміць важную інфармацыю альбо выказаць прэтэнзіі, а таксама атрымаць неабходную дапамогу на дарозе.