Больш за 2 тысячы долараў за выдуманае ДТЗ

17 ноября 2015

Новае дарагое аўто і больш за 2 тысячы долараў за выдуманае ДТЗ са смяротным зыходам. Столькі патрабавалі двое мужчын у жыхаркі Віцебска за вырашэнне неіснуючай праблемы. Ашуканцы прапрацавалі дакладную схему: адзін з мужчын папрасіў сваю знаёмую падвезці яго на дзелавыя перамовы. Як пазней высветлілася, таксама выдуманыя. Там яго чакаў саўдзельнік. На месцы сустрэчы ашуканцы інсцэніравалі бандыцкія разборкі. Пасля гэтага пераканалі жанчыну перасесці ў іншую машыну нібыта дзеля яе ж бяспекі. Далей быў разыграны амаль галівудскі сюжэт.

Іна Гарбачова, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па Віцебскай вобласці: "Мужчыны ад'ехалі на адлегласць з двара, выйшлі з машыны, падышлі да дзяўчыны і сказалі, што на яе аўтамабілі адбылося ДТЗ са смяротным зыходам. Пры гэтым яны растлумачылі, што дзеля яе могуць дапамагчы вырашыць гэта пытанне. Для гэтага трэба было аддаць аднаму з мужчын ключы, дакументы і пэўную суму грошай нібыта для таго, каб схаваць труп".

Ашуканцы перасталі выходзіць на кантакт. А сваю новую машыну былая ўладальніца выпадкова ўбачыла на вуліцы Віцебска. Зараз мужчыны пад вартай. Узбуджана крымінальная справа. Следчыя высвятляюць, ці быў гэты выпадак адзіным.