Шалёная ліса ў цэнтры Мазыра пакусала 9 чалавек

13 ноября 2017

Надзвычайнае здарэнне ў Мазыры. Шалёная ліса ў цэнтры горада ажыццявіла праменад і пакусала 9 чалавек. Трое з іх дзеці, самаму малодшаму 4 гады. Усіх пацярпелых даставілі ў бальніцу. Ім аказалі неабходную дапамогу. Чарговую атаку драпежніцы змог адбіць адзін з мясцовых жыхароў, ён жа лісу і нейтралізаваў. З месца падзей Вольга Халадовіч.

Аляксей Самусеў у той дзень ішоў на сустрэчу са сваім сябрам. Гаворыць, адразу і не зразумеў, што адбылося. Калі адчуў боль у назе, вырашыў, што ўкусіў сабака. Аказалася - ліса.

Такіх як Аляксей аказалася яшчэ 8 чалавек. Ліса пакусала 6 дарослых і 3 дзяцей, самаму малодшаму ўсяго 4 гады. Паводле слоў медыкаў, гэты самы масавы зварот з укусамі дзікіх жывёлін за ўсю гісторыю бальніцы.

Наталля Цішкова, галоўны ўрач Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі: "Былі дастаўлены 3 чалавекі брыгадамі хуткай дапамогі і 6 чалавек звярнуліся самастойна з укусамі ніжніх канечнасцяў у вобласці галёнак. Ім аказана неабходная медыцынская дапамога, вядзецца назіранне. Зараз яны ўсе ў здавальняючым стане".

Людзі распавядаюць, што ліса бегала па вуліцах горада і паводзіла сябе агрэсіўна. Спачатку драпежніка бачылі ў прыватным сектары на ўскраіне, потым ліса вырашыла змяніць свой маршрут.

Мазыр, практычна цэнтр горада. Побач няма ні лесу, ні нават сквера. Універсітэт, магазіны. Сустрэць тут лісу ніхто не чакаў.

Іван Бобікаў сустрэўся з ёй на стаянцы каля свайго аўтамабіля. Гаворыць, што ліса спрабавала накінуцца і на яго, але потым рэзка пабегла цераз дарогу. Калі мужчына ўбачыў, што там ідуць дзеці, рашэнне прыняў хутка.

Зараз спецыялістам трэба будзе высветліць, ці хварэла жывёліна на шаленства. Пасля экспертызы, вынікі якой будуць вядомыя заўтра раніцай, ветурачы разам з санслужбай абследуюць увесь мікрараён, у якім ліса ажыццявіла праменад.

Валянціна Пікуза, загадчыца дыягнастычнай лабараторыі Мазырскай раённай ветэрынарнай станцыі: "Магчыма, у гэтых людзей, якія кантактавалі з гэтай жывёлінай, у іх ёсць свая жывёла: сабакі, каты, свінні, каровы. Будзе праводзіцца прафілактычная вакцынацыя жывёл, дадзеныя рэкамендацыі, як сябе весці. Звяртаць увагу на нейкія прыкметы, на паводзіны жывёлін".

Усяго ў Гомельскай вобласці ў 2017 годзе зарэгістраваны 91 выпадак шаленства дзікіх і свойскіх жывёлін. Гэта ў 2 з паловай разы менш, чым у мінулым.