Беларус быў узяты ў заложнікі ў адной з гарачых краін

28 июля 2017

Беларускае МЗС заклікае адпачывальнікаў больш уважліва ставіцца да рэкамендацый дыпламатаў аб паводзінах у экстрэмальных сітуацыях. Як паведаміла сёння знешнепалітычнае ведамства ў сваім акаўнце ў "Фейсбуку", 23 ліпеня грамадзянін нашай краіны быў узяты ў заложнікі ў адной з гарачых краін.

Беларуса паланілі ўзброеныя бацькі мясцовай дзяўчыны, якую наш суайчыннік адмовіўся браць у жонкі. Пры якіх акалічнасцях было дадзена такое абяцанне і ці былі яно дадзена наогул - невядома. Гісторыя, зрэшты, завяршылася паспяхова. Прынамсі, для "жаніха". Ён здолеў употай адправіць СМС са сваім дакладным адрасам, колькасцю ўзброеных чалавек і іх размяшчэннем у будынку супрацоўнікам нашай дыпмісіі. Мясцовая паліцыя правяла спецаперацыю па вызваленні палоннага. Адзначым, рэкамендацыі турыстам і нумары гарачых ліній беларускіх дыппрадстаўніцтваў можна знайсці на сайтах пасольстваў альбо іх старонках у сацсетках.