Аўтамабільны мост над Прыпяццю раптам пачаў руйнавацца

7 декабря 2017

Надзвычайнае здарэнне ў Жыткавіцкім раёне: аўтамабільны мост над Прыпяццю, які злучае райцэнтр і Тураў, раптам пачаў руйнавацца. Паводле інфармацыі МНС, паведамленне ім паступіла сёння ад відавочцы, які і распавёў, што палатно правісла на 50 сантыметраў, а на бетонавай канструкцыі з'явілася расколіна. Рух транспарту на мосце спынены. Працаўнікі дарожнай службы праводзяць абследаванне будаўнічых канструкцый. На месцы знаходзяцца і ратавальнікі. Вядома, што мост пабудаваны ў 1985 годзе, а ў 2016 рэканструяваны. Аўтамабілістам рэкамендавана аб'язджаць праблемнае месца праз Калінкавічы, Лельчыцкі або Лунінецкі раёны, Пінск, Столін, Давыд-Гарадок і Тураў. А гэта прыкладна 100 кіламетраў. Пры гэтым МНС сумесна з усімі аператарамі сотавай сувязі арганізуе СМС-апавяшчэнне пра закрыццё моста жыхароў Жыткавіцкага, Лунінецкага, Лельчыцкага, Столінскага, Салігорскага раёнаў. Прычыны аварыі высвятляе спецыяльная камісія.