Аферысты пастаўлялі тэхніку ў медустановы Беларусі

23 февраля 2018

Гучную навіну сёння распаўсюдзіла МУС Беларусі. У ГУБАЗ паведамілі аб затрыманні ўдзельнікаў ашуканскай схемы. Зламыснікі павялічвалі кошт апаратуры замежнай вытворчасці. А далей праз падкантрольныя кампаніі, якія былі зарэгістраваныя ў нашай краіне, а таксама ў Эстоніі і Вялікабрытаніі, аферысты пастаўлялі тэхніку ў медустановы Беларусі. Пры гэтым цэны ў іх прайс-лісце значна завышаліся. Некаторыя пастаўкі ў 2-3 разы. Але былі і выпадкі росту цэн у 14 разоў.

Юрый Ткачук, намеснік начальніка аддзела ГУБАЗіК МУС Беларусі: "Толькі ў 2014 годзе па адным выкананым кантракце па пастаўцы медабсталявання ў адзін з анкадыспансераў Беларусі коштам 7 мільёнаў еўра ўдзельнікі арганізаванай групы за свае пасрэдніцкія паслугі атрымалі каля 4 мільёнаў еўра".

У крымінальнай схеме былі задзейнічаны 12 чалавек - усе жыхары Мінска. Падчас вобыску ў затрыманых канфіскавалі буйныя сумы грошай, аўтамабілі. Іх нерухомасць арыштавана. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Махлярства". Праверка зараз працягваецца. Ужо вядома, што ўдзельнікі банды вярнулі паўтара мільёна еўра ў кошт пагашэння ўрону дзяржаве.