Алена Трацэнка

Вядучая тэлевіктарыны "Сваiмi словамi"


Нарадзілася ў Гомелі, у сям’і, дзе панавалі каханне і згода. Хадзіла ў дзіцячы садок і школу, наведвала розныя гурткі і студыі, а на канікулах ездзіла да бабулі ў вёску. Аптымізм і прадчуванне нечага вельмі добрага наперадзе захавала дагэтуль.


Перш чым трапіць на тэлебачанне, паспела атрымаць працоўны вопыт педагога, які і сёння вельмі дапамагае. Пяці гадам працы выхавальнiкам у дзіцячым садку і тром гадам у школе папярэднічала вучоба ў педагагічным вучылішчы і Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны.


Дваццаць год на тэлебачанні спачатку ў якасці дыктара, а потым аўтара і вядучай дазволілі паўдзельнічаць у стварэнні шмат якіх абласных і рэспубліканскіх праектаў: “Дача+”, “Добрай раніцы, Беларусь!”, “Скарбніца Гомельшчыны”, “ Аўтограф”. У 2008 годзе праект “Я шукаю маму” стаў лаўрэатам нацыянальнай прэміі “Тэлевяршыня-2008” у намінацыі “Лепшы рэгіянальны праект года”.


Сёння на першы план выйшлі праекты пра мову. Моўная тэма не давала творчага спакою з часоў вучобы на філфаку ГДУ. Сёння ў рэспубліканскім эфіры - віктарына “Размаўляем па-беларуску” і аднайменная пяцімінутка. Шмат хто гаворыць, што з гэтымі перадачамі лёгка вучыцца, пазнаваць і практыкаваць беларускае маўленне.